
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможцаў трэцяга Рэспубліканскага тэатральнага фестывалю "Перамога" вызначылі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У конкурснай праграме "Спектакль тэатра драмы" ў намінацыі "Лепшы спектакль" перамогу атрымала пастаноўка "Трыбунал" Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. У намінацыі "Лепшая рэжысура" прыз аддалі народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву за пастаноўку гістарычнай драмы "Радавыя" на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра.
Перамогу за "Лепшую сцэнаграфію" атрымаў мастак Аляксандр Камянец Купалаўскага тэатра за стварэнне сцэнаграфіі ў спектаклі "А зоры тут ціхія". Уладальнікам "Лепшай мужчынскай ролі" стаў Дзяніс Фешчанка за ролю Гіршы ў пастаноўцы "Сем трафеяў радавога Шапкіна" Мінскага абласнога драматычнага тэатра. "Лепшая жаночая роля" дасталася Вераніцы Буслаевай за ролю Стэфы ў спектаклі "Хатыня" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Таксама пераможцаў выбралі ў намінацыі "Спектакль тэатра лялек". "Лепшым спектаклем" стаў "Сымон-музыка" па матывах паэмы Якуба Коласа Гродзенскага абласнога тэатра лялек. За "Лепшую жаночую ролю" ўзнагародзілі Карыну Кулік за пастаноўку "Помнячы герояў Перамогі" Мінскага абласнога тэатра лялек "Батлейка".
Спецыяльны дыплом журы "За лепшае аўтарскае прачытанне тэмы Вялікай Айчыннай вайны" атрымаў калектыў Маладзёжнага тэатра эстрады за спектакль "Без тэрміну даўнасці".
Трэці рэспубліканскі тэатральны фестываль "Перамога" прайшоў у Мінску з 12 па 29 мая. У конкурснай праграме прадставілі 11 спектакляў з Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Мінска і Маладзечна. Гледачы ўбачылі глыбокія, кранальныя і відовішчныя пастаноўкі ваенна-патрыятычнай тэматыкі сёлетняга і мінулых тэатральных сезонаў.-0-