У Брэст 21 чэрвеня прыбыў "Поезд Памяці", на якім 200 школьнікаў з чатырох краін адправяцца ў падарожжа па гарадах Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У поездзе прыехалі школьнікі з Расіі, Кыргызстана і Арменіі. На пероне вакзала Брэст-Цэнтральны іх сустрэлі равеснікі з Беларусі. Гучна і радасна прывітаўшы адзін аднаго, дзеці адправіліся на арганізацыйны сход, дзе атрымалі апошнія наказы перад падарожжам.
З прывітальным словам да падлеткаў звярнуўся член Савета Рэспублікі, старшыня Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Лісковіч.
"Вельмі хутка праляцеў час. Год таму мы падвялі вынікі і пачалі працаваць над другім праектам "Поезд Памяці". Вельмі ўдзячны Саюзнай дзяржаве, якая ўзяла частку фінансавання на рэалізацыю гэтага мерапрыемства. Дзесяцікласнікі з Беларусі, Расіі, Арменіі і Кыргызстана сабраліся ў Брэсце, каб прайсці па самых знакавых мясцінах абарончых і наступальных баёў Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміцца з культурай гарадоў. Гэтым праектам мы на справе паказваем, як рэалізуецца маладзёжная палітыка ў Саюзнай дзяржаве. Важна, каб кожны вынес для сябе нешта запаветнае, ацаніў убачанае і даведаўся новае, каб дзеці аб'ядналіся і пасябравалі", - сказаў Віктар Лісковіч.
"Поезд Памяці" правядзе ў дарозе 18 дзён. За гэты час ён спыніцца ў шасці беларускіх і васьмі расійскіх гарадах. Арганізатары прадумалі цікавую і насычаную праграму.
Намеснік старшыні Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў звярнуў увагу, што цяперашні праект ахапіў больш краін. У мінулым годзе ў ім удзельнічалі толькі Беларусь і Расія. "Мы зрабілі ў два разы больш колькасць краін-удзельніц. Да 200 удзельнікаў, якія прайшлі "Дарогай Памяці" ў мінулым годзе, дабаўляем да нашай каманды яшчэ столькі ж. У праекта выдатная будучыня, ён абавязкова будзе праводзіцца і ў наступныя гады", - выказаў упэўненасць Канстанцін Касачоў. Ён парэкамендаваў школьнікам атрымліваць задавальненне ад кожнага імгнення будучых 2,5 тыдня падарожжа.
Старт міжнароднаму праекту дадуць сёння ў Брэсцкай крэпасці. Для школьнікаў арганізуюць экскурсіі па мемарыяльным комплексе. Ноччу яны змогуць паўдзельнічаць у мітынгу-рэквіеме, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, а на світанні паназіраюць за рэканструкцыяй абароны легендарнай цытадэлі над Бугам.
"Праект становіцца традыцыйным. Прыемна, што ў гэтым годзе да яго далучыліся школьнікі з Арменіі і Кыргызстана. Гэта сведчыць аб тым, што, чым больш будзе дружалюбных краін-удзельніц, тым больш людзей даведаюцца аб нашай краіне, гісторыі", - рэзюмаваў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук.