19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікіх праблем у ходзе гэтай уборачнай кампаніі няма. Галоўнае - патрэбна арганізацыя работ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, падводзячы вынікі селектарнай нарады, дзе адной з асноўных тэм быў ход уборачнай,перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Праблем вялікіх я не бачу ва
ўборцы. Патрэбна проста арганізацыя. Упаўнаважаныя людзі прыедуць на месцы
сёння-заўтра. Іх рашэнне - рашэнне канчатковае. Калі трэба нешта вырашыць, яны
звяжуцца са мной. Мы на працягу некалькіх гадзін прымем адпаведнае
рашэнне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падкрэсліў важнасць дастойна заплаціць людзям. "Заплаціце
людзям. Гэта акупіцца. Акажыце падтрымку людзям, якія сёння стараюцца і добра
працуюць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў асаблівую важнасць выканання ўсіх тэхналагічных працэсаў.
"Выкананне тэхналогій - першарадная задача. Гэта датычыцца перш за ўсё
ўсходніх абласцей. Ды і ў любой вобласці ёсць гаспадаркі, дзе трэба звярнуць на
гэта ўвагу. Тэхналогіі і яшчэ раз тэхналогіі. І дысцыпліна. Больш у гэтым годзе
нічога не трэба. Жалезабетонная дысцыпліна і выкананне тэхналогій. Гэта -
галоўнае", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што размова аб ходзе ўборачнай у першую чаргу вядзецца пра збожжа, паколькі важна з улікам умоў надвор'я літаральна "выхапіць" яго з палёў.
"Ну і не трэба забываць, што ў нас ідзе нарыхтоўка травяністых кармоў. Накладкі даволі значныя. І сеяць трэба. Літаральна праз тыдзень трэба пачынаць сеяць азімы рапс і потым азімы ячмень. Таму збожжа трэба ўбраць своечасова", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца бягучага надвор'я, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што асобныя
"вялікія прагназісты" памыліліся, прадказваючы вясной засушлівае
лета. "Я тады яшчэ сказаў, што будзе перыядамі. Так будзе і ў жніўні.
Цяпер надыходзіць нейкі прасвет. Я бачу гэта і па спадарожнікавых здымках. З
лакальнымі дажджамі, але будзе нармальны перыяд для ўборкі ўраджаю. Будзе больш
сухіх і сонечных дзён. Трэба выхопліваць гэты ўраджай", - адзначыў
Прэзідэнт.
Ён заклікаў дзейнічаць аператыўна і не чакаць найбольш аптымальнай вільготнасці
збожжа, не чакаць яго спеласці на корані, паколькі можна страціць частку
ўраджаю. Лепш потым давесці гэта збожжа да неабходнай кандыцыі на сушыльных
комплексах.
"Дзякуй богу, у нас вільгаці хапае ў гэтым годзе. Гэта ж араць лягчэй. Вы
памятаеце, як мы ў мінулым годзе аралі, - слупом стаяў пыл пасля плугоў.
Немагчыма было араць. Сухая глеба была, проста камень. Цяпер добра можна араць.
Але своечасова трэба ўбіраць і араць. Трэба культурна", - сказаў кіраўнік
дзяржавы.
У гэтым плане ён звярнуў увагу на існуючую праблему з вымачкамі на палях, што
прысутнічае ў тым ліку ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. "Мы ж
дамовіліся, што трэба сёння закупляць трактары на гусенічным хаду з глыбокімі
рыхліцелямі, каб гэту падкладку мы маглі разбурыць. Глыбей трэба араць. Можа,
мы сапраўды выратуем палі ад гэтых вымачак. А так у нас вымачак столькі, колькі
мы кожны год меліяруем зямель. Тут дрэнная работа. Культура земляробства на
нізкім узроўні", - заўважыў беларускі лідар.
Яшчэ шэраг канкрэтных даручэнняў датычыцца якаснай уборкі лёну, які для Беларусі
- культура палітычная (кветкі лёну адлюстраваны на гербе краіны).
Кіраўнік дзяржавы даў практычную параду арыентавацца на вытворчасць большага
аб'ёму бабовых - размова аб складзе травяністых кармоў. Люцэрна, канюшына,
трэба таксама высяваць гарох і лубін, арыентуе Аляксандр Лукашэнка. “Трэба
вяртацца да таго, што некалі было і мы забылі. Нам трэба ўзмацняць бялковыя
культуры, у тым ліку і на кармавыя патрэбы. Люцэрна – трэба цэнтралізавана яе
закупляць і пашыраць пасевы. Гэта ўсё акупіцца. А калі цэнтралізавана будзеце
закупляць у той жа Расіі ці яшчэ недзе, мы будзем мець нармальную цану на гэта
насенне", - сказаў ён.
“Давайце дамовімся, што гэты год для нас пакуль складваецца добра. Гэта нядрэнны год, улічваючы, што мы ў зоне рызыкоўнага земляробства. Чакаць ідэальных гадоў не трэба. Іх не будзе і ніколі не было. То засушыць, то залье. Але ўвогуле год нядрэнны. Вільгаць ніколі не была лішняй для сельскай гаспадаркі ў нас", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-