Як падтрымліваюць сем'і з дзецьмі ў Беларусі, расказала намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Святлана Коваль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Святлана Коваль расказала, што ў Беларусі забяспечваецца матэрыяльная падтрымка сям'і пры нараджэнні і выхаванні дзяцей. "Дзяржава дапамагае вырашаць жыллёвыя пытанні шматдзетным і маладым сем'ям з двума дзецьмі, развівае інфраструктуру дзіцячых адукацыйных і медыцынскіх устаноў, пашырае магчымасці для культурнага развіцця сямейнага адпачынку. І гэта сістэма - наш нацыянальны здабытак", - сказала намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі.
Яна адзначыла, што ў ліку навацый апошніх гадоў - развіццё праграмы сямейнага капіталу. "Прадастаўлена права на датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетным сем'ям. Тыя, хто вырашылі такое пытанне, могуць накіраваць гэтыя сродкі на аплату адукацыі як дзецям, так і непасрэдна бацькам альбо медыцынскія паслугі. З 2022 года для дадатковай падтрымкі шматдзетных сем'яў, у якіх бацькі альбо дзіця маюць інваліднасць, уведзены яшчэ адзін напрамак датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на набыццё сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі", - падзялілася Святлана Коваль.
Намеснік начальніка таксама падкрэсліла, што былі пашыраны працоўныя гарантыі для працуючых бацькоў. "Уведзены бацькаўскі водпуск, дыстанцыйная занятасць, распаўсюджванне шэрага гарантый, прадугледжаных для маці, на бацькаў, напрыклад, права выбару бацькам водпуску ў летні час, калі ў сям'і выхоўваецца дзіця-інвалід або права выкарыстання працоўнага водпуску да заканчэння шасці месяцаў работы ў наймальніка для бацькаў з двума дзецьмі да сямнаццаці гадоў", - адзначыла Святлана Коваль.
Паводле яе слоў, з 2021 года адбываецца развіццё сацыяльных паслуг для сем'яў, у якіх бацькі з'яўляюцца інвалідамі першай і другой групы, і сем'яў, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід. Для іх павялічаны перыяд прадастаўлення бясплатнай паслугі няні і паслугі сацыяльнай перадышкі.
У бягучым годзе прыняты навацыі і змяненні ў Працоўны кодэкс, якія таксама пашыраюць гарантыі працуючых бацькоў з трыма і больш дзецьмі альбо бацькоў, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю. "З 1 студзеня 2024 года ў іх з'явіцца магчымасць выбару выкарыстання дадатковага свабоднага ад работы часу. Замест свабоднага дня ў тыдзень работнік, бацька або маці, можа выбраць скарачэнне работы або змены на адну гадзіну", - адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі.
Яна лічыць, што зручнымі для бацькоў будуць новыя падыходы, у адпаведнасці з якімі дыстанцыйная работа можа мець не толькі пастаянны характар, але і часовы, да шасці месяцаў у каляндарным годзе, а таксама ажыццяўляецца шляхам чаргавання работы дыстанцыйна і на рабочым месцы ў арганізацыі.
"Бацькоўства - гэта вялікая праца. Ад маці і бацькі ў роўнай ступені залежыць не толькі дабрабыт сям'і і дзяцей, але і дабрабыт усёй краіны, тое, якой яна будзе праз дзесяцігоддзі. Менавіта таму наша краіна актыўна выступае за абарону сям'і і сямейных каштоўнасцей", - адзначыла Святлана Коваль.-0-