4 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Мужчынскую і жаночую маладзёжныя зборныя Расіі па гандболе на чыгуначным вакзале Брэст-Цэнтральны сустрэлі з караваем і пад акампанемент аркестра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Расійская дэлегацыя прыехала поездам з Масквы. Брастаўчане арганізавалі для ўдзельнікаў ІІ Гульняў краін СНД урачыстую сустрэчу. Госці былі рады такому гасціннаму прыёму. З усмешкай выходзілі на перон і іншыя пасажыры поезда, з цікавасцю назіралі за тым, што адбываецца, здымалі на тэлефоны.
"Мы зробім усё, каб у вас засталося як мага больш уражанняў. Акрамя турніру будзе культурная праграма, у нас ёсць цудоўныя экскурсійныя маршруты. Гандбол Брэст вельмі любіць, горад лічыцца гандбольнай сталіцай. Мы стварылі ў цэнтры горада фан-зону, людзі будуць балець", - звярнуўся да расійскіх гандбалістаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук. Ён уручыў удзельнікам спаборніцтваў духмяны каравай. Атмасферу свята на вакзале стварыў аркестр Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады.
"Прыехалі з радасным настроем, жаданнем пабываць на добрым свяце і паказаць прыгожую гульню. Для спартсменаў заўсёды ў першую чаргу стаіць вынік. Вядома, нам хацелася б гуляць за залатыя медалі. Думаю, што гэтага ўсе хочуць. Ведаем пра Брэст і Брэсцкую крэпасць, аб міралюбным і гасцінным народзе Беларусі. Хочам сумясціць прыемнае з карысным, пабываць усюды", - адзначыў галоўны трэнер маладзёжнай жаночай зборнай Расіі Аляксей Гумяноў.
Расійскія гандбалісты размясціліся ў гасцініцы. Пасля адпачынку яны правядуць трэніроўку пад купалам Палаца гульнявых відаў спорту "Вікторыя", дзе з 5 па 9 жніўня пройдзе турнір у праграме Гульняў краін СНД.-0-