14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад падрыхтаваў праект указа, які рэгулюе адносіны ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў. Магчымыя навацыі ў гэтай сферы сталі тэмай абмеркавання на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прапануецца арганізаваць рэестр легальных перавозчыкаў, дыспетчараў і іншых удзельнікаў працэсу. "Думаю, вы вызначыцеся, якіх іншых. Каб у нас зноў не было там якіх-небудзь магчымасцей ухіліцца ад правіл, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Хто не ўключаны ў гэты рэестр, аказваецца па-за законам, яго дзейнасць будзе выяўляцца і спыняцця кантралюючымі органамі".
"Значыць, табе дазволілі перавозіць людзей таксі і маршруткамі, ты ў рэестры - ідзі і вазі. Правілы будуць таксама ўстаноўлены. Калі цябе там няма і, не дай бог, ты займаешся гэтымі перавозкамі - да Кубракова і да Тэртэля (кіраўнікі МУС і КДБ; размова аб прыцягненні да адказнасці ўпаўнаважанымі праваахоўнымі органамі. - Заўвага БЕЛТА). Вельмі строга трэба спыняць гэта, каб разумелі. Але яшчэ раз гавару: не трэба даваць ім падставу, што "мы задушылі, некага цкуём" і гэтак далей. Усе, хто можа, каго дапусцілі да гэтых перавозак - працуйце, усе ў роўных умовах. Крок улева, крок управа - вельмі строгае пакаранне", - растлумачыў беларускі лідар.
Адна з тэм датычыцца інтэрнэт-агрэгатараў. "Відавочна, што ўсім, хто хоча працаваць у Беларусі, неабходна размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на нашай тэрыторыі. Да новага года гэта норма павінна працаваць. Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірм. Гэта нязменныя патрабаванні дзяржавы як гаранта ажыццяўлення бяспекі, абароны персанальных даных, спынення проціпраўных дзеянняў. Як тут ідуць справы, якая пазіцыя агрэгатараў?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы даручыў узяць гэту сферу на кантроль.
На нарадзе ён папрасіў прадставіць пазіцыі ўсіх зацікаўленых па ўнесеным дакуменце ведамстваў. "Ці ўсё ўлічана ў прадстаўленым праекце ўказа? Ці дастаткова гэтага, каб арганізаваць бяспечныя перавозкі і празрыстую, легальную работу?" - паставіў пытанні кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што праект указа распрацаваны ва ўрадзе пры ўдзеле Камітэта дзяржаўнага кантролю і Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
У пачатку нарады па тэме мерапрыемства далажыў віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак, які ва ўрадзе адказвае за транспартную сферу. Ён расказаў аб росце перавозак пасажыраў на 2,6 працэнта па выніках 9 месяцаў гэтага года і колькасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць ліцэнзіі для перавозак на рэгулярных маршрутах.
Старшыня КДК Васіль Герасімаў звярнуў увагу, што ёсць тыя, хто працуе нелегальна пад выглядам нерэгулярных перавозак. "Рэгіструюцца, як быццам яны возяць вяселлі, карпаратывы, аказваюць турпаслугі. А на самай справе гэта машына ідзе ў 50 мінутах наперадзе ад рэгулярнага рэйса і збірае ўвесь пасажырапаток. Яны не рэгіструюцца як рэгулярны рэйс", - выклаў ён сутнасць прэтэнзій.
Віцэ-прэм'ер нагадаў, што ў 2017 годзе быў падпісаны Дэкрэт нумар 7, у рамках якога дзяржава пайшла на лібералізацыю рынку пасажырскіх аўтаперавозак. "Дзяржава пайшла насустрач, але бізнес гэта зразумеў наадварот - усёдазволенасць. І пачаліся парушэнні", - адзначыў ён.
"Цяпер няхай крыўдзяцца самі на сябе", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Анатоль Сівак расказаў, што ў большасці выпадкаў работу ў нерэгулярных зносінах (асноўная доля - таксі) арганізуюць замежныя суб'екты, так званыя дыспетчары. Іх інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы часта знаходзяцца за межамі Беларусі. Абмежаванняў для дзейнасці нерэзідэнтаў у якасці арганізатараў перавозак (дыспетчараў) цяпер не ўстаноўлена, таксама не патрабуецца атрыманне якіх-небудзь дазволаў. У выніку гэтыя замежныя суб'екты зацікаўлены толькі ў атрыманні даходаў, нягледзячы на законнасць выканання такіх перавозак.
"Інфармацыя аб выкананых заказах і звесткі аб заказчыках перавозак захоўваюцца на серверах, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, што непасрэдна ўплывае на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
"Гэта значыць, ты заказваеш таксі, у маршрутцы недзе едзеш, гэта ўся інфармацыя збіраецца на замежных серверах, і там гэта ўсё захоўваецца?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.
Анатоль Сівак пацвердзіў, што гэта сапраўды так: "Грошы чалавека і інфармацыя аб гэтай перавозцы ішла за мяжу. У гэтым выпадку ў Галандыю. Калі пачаліся санкцыі, гэта карціна змянілася - грошы пачалі ісці ў Расію. Акрамя таго, вам за перавозку неабходна заплаціць, напрыклад, 10 рублёў. Гэта кампанія сабе пакідала 20-30 працэнтаў, умоўна тры рублі, а сем вяртала перавозчыку. Вось такая была схема разлікаў. Па такой схеме працуюць і іншыя сэрвісы".
Віцэ-прэм'ер таксама канстатаваў пагаршэнне сітуацыі з бяспекай пасажырскіх перавозак, аб чым сведчыць статыстыка ДТЗ, гібелі і атрымання пасажырамі траўмаў. Расце колькасць скаргаў з боку насельніцтва і адносна даступнасці паслуг, раскладу перавозак. Ёсць таксама шмат парушэнняў фінансавага характару. "Існуючыя памеры штрафаў і меры адказнасці не дазваляюць належным чынам спыніць парушэнні заканадаўства", - канстатаваў Анатоль Сівак.
Праект указа, вынесены на нараду ў Прэзідэнта, быў падрыхтаваны з мэтай навядзення парадку ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў.
"Прадугледжана стварэнне дзяржаўнага рэестра перавозак пасажыраў, у які будуць уключацца звесткі аб перавозчыках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях і аўтамабілях таксі), вадзіцелях і дыспетчарах. Гэта закончаны пералік", - далажыў віцэ-прэм'ер.
Ён растлумачыў, што ўключэнне ў рэестр аўтобусаў, якія выкарыстоўваюцца, дасць магчымасць, напрыклад, прасачыць выпадкі, калі транспартная кампанія пры выяўленні якіх-небудзь парушэнняў можа проста перарэгістравацца і прадаўжаць работу з парушэннем заканадаўства пад іншай шыльдай.
Чакаецца, што будзе таксама прадугледжаны абавязак для суб'ектаў прадастаўляць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах. А самі заказы на перавозкі можна будзе перадаваць толькі тым перавозчыкам, звесткі аб якіх будуць унесены ў рэестр.
Для змяншэння імпарту паслуг, зніжэння рызыкі ўцечкі персанальных даных грамадзян праектам указа ўстаноўлена права замежных кампаній аказваць паслугі дыспетчара перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах (дыспетчара таксі) толькі ў выпадку стварэння імі на тэрыторыі Беларусі юрыдычнай асобы. Яны таксама будуць абавязаны выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі.
У мэтах павышэння ўзроўню бяспекі для перавозчыкаў плануецца ўстанавіць абавязак відэафіксацыі выканання перавозак пасажыраў.
Праектам указа прадугледжаны механізмы прыпынення знаходжання і выключэння з рэестра для нядобрасумленных перавозчыкаў.
Анатоль Сівак упэўнены, што гэтыя меры дадуць магчымасць павысіць адказнасць перавозчыкаў у частцы выканання заканадаўства і выведуць частку іх з ценю, створаць для суб'ектаў на рынку перавозак роўныя ўмовы гаспадарання, павысяць бяспеку перавозак пасажыраў.-0-