Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне ў гэтым годзе пройдзе з 9 па 22 красавіка. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі, якое прайшло ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне ў 2024 годзе пройдзе з 9 па 22 красавіка. Змяненне тэрмінаў рэгістрацыі абумоўлена правядзеннем з гэтага года цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання ў адзіныя тэрміны для ўсіх выпускнікоў бягучага і мінулых гадоў. Так, 27 мая пройдзе ЦЭ (ЦТ для выпускнікоў мінулых гадоў) па прадмеце на выбар, 30 мая адбудзецца ЦЭ (ЦТ для выпускнікоў мінулых гадоў) па беларускай або рускай мове, 3 чэрвеня пройдзе ЦТ па прадмеце на выбар для ўсіх выпускнікоў бягучага і мінулых гадоў. Правядзенне цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання ў адзіныя тэрміны дазволіць стварыць роўныя ўмовы для абітурыентаў, якія здаюць ЦЭ і ЦТ", - адзначыў Сяргей Пішчоў.
Пасяджэнне грамадска-кансультатыўнага савета прайшло пад старшынствам кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі. Асноўнымі пытаннямі парадку дня сталі змяненні ў правілах прыёму абітурыентаў для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама пабудова комплекснай сістэмы падрыхтоўкі інжынерных кадраў у сістэме "Школа - універсітэт". Перад пачаткам пасяджэння ўдзельнікі савета азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, наведалі вучэбныя лабараторыі, дзе пагутарылі з таленавітай моладдзю і педагогамі адукацыйных напрамкаў тэхнапарка.