20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэлігійныя арганізацыі ўпершыню будуць уключаны ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў журналістам упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Важнай навацыяй закона з'яўляецца ўключэнне рэлігійных арганізацый як юрыдычных асоб у Адзіны рэгістр юрыдычных асоб у Рэспубліцы Беларусь. Да ўступлення ў сілу гэтага закона рэлігійныя арганізацыі адзіныя не ўключаліся ў АДР", - сказаў Аляксандр Румак.
Размова ідзе пра закон "Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый" ад 30 снежня 2023 года, згодна з якім раней зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі абавязаны прывесці свае статуты ў адпаведнасць з законам і прадставіць іх у рэгіструючыя органы для перарэгістрацыі.
Уключэнне рэлігійных арганізацый у АДР - вельмі важная навацыя, адзначыў Аляксандр Румак. Паводле яго слоў, гэта будзе садзейнічаць уліку рэлігійных арганізацый, а таксама падтрыманню інфармацыі пра іх у актуальным стане - вядзенне ўліку на паперы гэту задачу не вырашала.
"Цяпер усе дзяржаўныя органы, кампетэнтныя органы, якім неабходна будзе весці ўлік рэлігійных арганізацый, могуць карыстацца гэтай сістэмай і бачыць у актуальным стане дзейнасць тых ці іншых рэлігійных арганізацый", - адзначыў Аляксандр Румак.
Адносна закона ад 30 снежня 2023 года ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей заўважыў, што рэспубліка тым самым пацвердзіла канстытуцыйнае права кожнага чалавека на свабоду выбару рэлігійных або атэістычных перакананняў.
"Кожны чалавек мае права выбіраць сабе веравызнанне, - сказаў ён. - Адначасова законам замацавана тое, што дзяржава не можа ўскладаць на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь абавязкаў".
Разам з тым, у законе змешчаны пэўныя патрабаванні. Рэлігійныя арганізацыі ў сваёй дзейнасці не павінны падвяргаць крытыцы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, унутраную і знешнюю палітыку краіны. Рэлігійная дзейнасць не павінна наносіць шкоду правам грамадзян, іх фізічнаму і псіхічнаму здароўю, замахвацца на маёмасныя правы грамадзян. Такім чынам, закон дакладна рэгулюе ўзаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый.-0-