Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену пройдзе ў Беларусі 27 студзеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
"Міністэрства адукацыі 27 студзеня 2024 года правядзе рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену. Яна пройдзе па тых жа правілах, што і цэнтралізаваны экзамен у маі 2023 года. Для гэтага вызначаны 144 пункты правядзення. У рэпетыцыі ЦЭ прымуць удзел больш за 58 тыс. выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што на 5 тыс. больш у параўнанні з мінулым годам. Рэгістрацыя, падвоз, суправаджэнне дзяцей педагагічнымі работнікамі, а таксама ажыццяўленне кантролю ў пунктах правядзення будзе арганізавана ў поўнай адпаведнасці з інструкцыяй. Працэдура пройдзе па аналогіі з мінулым годам. Плануецца, што апрацоўка вынікаў будзе праведзена ў двухтыднёвы тэрмін, у трохтыднёвы тэрмін усе вынікі будуць даведзены ўжо да ўдзельнікаў рэпетыцыі", - расказаў Андрэй Іванец.
Асаблівасцю рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену ў студзені стане тое, што яна пройдзе па ўсіх прадметах на выбар навучэнцаў, уключаючы дзяржаўную мову - рускую ці беларускую. "Мінулую рэпетыцыю мы праводзілі толькі па экзамене "прадмет на выбар" без дзяржаўнай мовы. На гэты раз вучні змогуць выбраць у тым ліку адну з дзяржаўных моў альбо іншы прадмет на выбар, які яны хочуць. Адзначу, што ў гэтым навучальным годзе як пры правядзенні першага этапу рэпетыцыйнага тэсціравання, так і пры правядзенні наступных, а таксама на рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену будуць выкарыстаны тэсты з уключанымі заданнямі пятага ўзроўню складанасці. Гэта зроблена для таго, каб прывесці ў поўную адпаведнасць крытэрыі ацэнкі ў школе да крытэрыяў ацэнкі цэнтралізаванага экзамену, які з'яўляецца падагульняючай формай атэстацыі выпускнікоў", - праінфармаваў міністр.
Кіраўнік адукацыйнага ведамства падкрэсліў, што вынікі рэпетыцыі ЦЭ ні на што не паўплываюць. "Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену праводзіцца для таго, каб выпускнікі 11-х класаў змаглі прайсці поўную працэдуру экзамену, пачынаючы з прыезду, падвозу - для тых дзяцей, якія знаходзяцца ў сельскіх населеных пунктах, запаўнення бланкаў. Таксама гэта добрая магчымасць праверыць свае сілы, таму што структура і складанасць тэстаў пры правядзенні рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену будуць цалкам адпавядаць структуры і складанасці тэстаў, якія будуць прапанаваны пры правядзенні як цэнтралізаванага экзамену, так і цэнтралізаванага тэсціравання ў гэтым навучальным годзе. Акрамя таго, пераводныя шкалы як першасных балаў, так і тэставых - у дзесяцібальную ацэнку, будуць выкарыстоўвацца тыя ж, што выкарыстоўваліся пры правядзенні цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання ў мінулым навучальным годзе. Яны апублікаваны ў свабодным доступе і змяняцца не будуць", - дадаў Андрэй Іванец.
У свабодным доступе на сайце Міністэрства адукацыі размешчаны і пералік пытанняў для абітурыентаў, якія будуць паступаць на мэтавую форму падрыхтоўкі.
Плануецца, што цэнтралізаваны экзамен у гэтым навучальным годзе пройдзе 27 і 30 мая, гэта будуць асноўныя дні. "З мэтай забеспячэння роўных і справядлівых умоў для выпускнікоў гэтага года і выпускнікоў мінулых гадоў, якія паступаюць ва ўніверсітэты, плануецца, што тэрміны правядзення цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання будуць адзіныя", - адзначыў міністр адукацыі.