Сенатары на дзясятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання адобрылі законапраект "Аб змяненні Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Законапраектам прадугледжваецца ўнясенне кропкавых змяненняў у Бюджэтны кодэкс. Яго асобныя артыкулы прыводзяцца ў адпаведнасць з заканадаўствам, што дазволіць у існуючых эканамічных умовах забяспечыць устойлівае і збалансаванае выкананне бюджэту.
"Як прыклад можна прывесці прынятыя раней закон "Аб донарстве", Кодэкс аб адукацыі. Яны вызначылі канкрэтныя напрамкі бюджэтных расходаў, якія не былі замацаваны ў Бюджэтным кодэксе. І цяпер трэба прывесці гэта ў адпаведнасць, - сказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец. - Акрамя таго, з 1 студзеня 2023 года Падатковым кодэксам уведзены падатак на прафесійны даход. У Бюджэтным кодэксе ў нас не было вызначана, у які з узроўняў бюджэтаў паступае гэты падатак. Цяпер гэта ўсё адкарэкціравана, і ў Бюджэтным кодэксе будзе дакладна вызначана, у які ўзровень мясцовага бюджэту паступае гэты падатак. Акрамя таго, даецца азначэнне паняцця "аўтаматызаваная сістэма фінансавых разлікаў".
У мэтах аператыўнага вырашэння пытанняў фінансавання ўзнікаючых у бягучым годзе абавязацельстваў устанаўліваюцца адпаведныя паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Устанаўліваецца парадак залічэння штрафаў за наўмысныя неналічэнне і нявыплату абавязковых страхавых узносаў у бюджэт ФСАН. Прадастаўляецца права накіравання нявыкарыстаных рэшткаў бюджэтных сродкаў на мэты, вызначаныя заканадаўствам.
"Калі гаварыць аб канцэптуальным змяненні Бюджэтнага кодэкса, то яно цяпер прапрацоўваецца як Міністэрствам фінансаў, так і мясцовымі органамі ўлады", - дапоўніла сенатар.