9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, ушаноўвання іх годнасці і папярэджання такога злачынства.
Гэты дзень быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у верасні 2015 года. Дата была выбрана не выпадкова: у 1948 годзе 9 снежня была прынята Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго.
Рэзалюцыя 1948 года стала першым дагаворам па правах чалавека, прынятым Генеральнай Асамблеяй. Усе 193 дзяржавы-члены, якія прынялі гэту канвенцыю аднагалосна, пацвердзілі, што кожная краіна асобна адказвае за абарону свайго насельніцтва ад генацыду, таксама папярэджвае такое злачынства, у тым ліку і падбухторванні да яго. Мэта гэтага дня - павышаць вядомасць канвенцыі і шанаваць памяць людзей, якія сталі ахвярай генацыду.
Генацыд у канвенцыі вызначаецца як "дзеянні, што ўчыняюцца з намерам знішчыць, поўнасцю або часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу". У рэзалюцыі пацвярджаецца, што генацыд, незалежна ад таго, учыняецца ён у мірны або ваенны час, з'яўляецца злачынствам, якое парушае нормы міжнароднага права і супраць якога ўдзельнікі канвенцыі абавязваюцца "прымаць меры папярэджання і караць за яго ўчыненне". Галоўная адказнасць за папярэджанне і спыненне генацыду ўскладаецца на дзяржаву, у якой гэта злачынства ўчыняецца.
На Сусветным саміце 2005 года кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі і аднагалосна прынялі рашэнне, што міжнародная супольнасць будзе аказваць дапамогу краіне, якая па якой-небудзь прычыне не можа абараніць сваё насельніцтва ад генацыду, ваенных злачынстваў, этнічных чыстак і злачынстваў супраць чалавечнасці. Таксама яна гатова пачаць калектыўныя дзеянні праз Савет Бяспекі і ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
У Рэспубліцы Беларусь у Год гістарычнай памяці быў зацверджаны закон "Аб генацыдзе беларускага народа". Закон прыняты ў мэтах захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама на аснове Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго ад 9 снежня 1948 года, Канвенцыі аб непрымяняльнасці тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва ад 26 лістапада 1968 года.
У час Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі - амаль 3 млн чалавек. Асобнай трагічнай старонкай той варварскай вайны стала фактычнае татальнае знішчэнне беларускіх яўрэяў. Паводле ацэнак экспертаў і гісторыкаў, на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў Мінскім гета і канцэнтрацыйным лагеры Трасцянец, загінулі амаль 800 тыс. яўрэяў. Беларусь у гады вайны на сваёй тэрыторыі перажыла фактычна два генацыды: халакост беларускіх яўрэяў і генацыд беларусаў як складніка ўсходніх славян.-0-