
29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга "Наш Президент" будзе цікавая і карысная для чытання кожнаму, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка на сустрэчы з аўтарамі кнігі ў Авальнай зале Дома ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Краіна ўпэўнена ўступае ў новы этап свайго развіцця. І кніга, якую прадставяць сёння яе аўтары, безумоўна выкліча жывую цікавасць у грамадстве. Шчыра кажучы, даволі часта даводзілася чуць ад многіх калег і выбаршчыкаў аб запатрабаванасці такіх выданняў. Жыццёвы шлях нашага кіраўніка дзяржавы - прыклад для пераймання і арыенцір не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, - адзначыў спікер. - Таму я шчыра ўдзячны сённяшнім гасцям за тое, што яны пайшлі насустрач пажаданням дэпутатаў і згадзіліся прадставіць сваю работу тут - у Авальнай зале Дома ўрада".
Авальная зала Дома ўрада - сапраўды знакавае месца і для Рэспублікі Беларусь, і для яе Прэзідэнта, падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў. "З ім звязана дэпутацкая дзейнасць Аляксандра Рыгоравіча, штогадовыя пасланні беларускаму народу і парламенту", - сказаў ён.
Дакументальна-біяграфічная кніга "Наш Президент" падрабязна і цэласна адлюстроўвае асноўныя этапы станаўлення асобы Прэзідэнта Беларусі. Хачу падкрэсліць, што кніга таксама мае багатую гістарычную каштоўнасць. У ёй сабрана вялікая колькасць матэрыялаў і фатаграфій, многія з якіх публікуюцца ўпершыню. Гэта своеасаблівы фоталетапіс Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў, - сказаў Ігар Сергяенка. - Адметнасцю выдання з'яўляецца тое, што ў спецыяльных канвертах прыкладзены копіі ўнікальных асабістых дакументаў кіраўніка дзяржавы: залікоўка студэнта, пахвальная грамата, рукапісныя нататкі. Таму ўпэўнены, што кніга "Наш Президент" будзе цікавая і карысная для чытання кожнаму".-0-