1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання пачнуць выдаваць у Беларусі сёння, паведамляе БЕЛТА.
Забраць дакумент можна ў пункце, дзе абітурыент здаваў іспыт па прадмеце. Калі ЦТ здавалася ў розных пунктах (актуальна для выпускнікоў школ мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў), забіраць сертыфікаты давядзецца ў кожным з іх. Згодна з Палажэннем аб ЦТ, абітурыент атрымлівае сертыфікат пад подпіс у ведамасці выдачы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання пры прад'яўленні дакумента, які засведчвае асобу, дакумента аб адукацыі (атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, або дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі, або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі), а таксама пропуска з адзнакай "Тэсціраванне прайшоў", апошні забіраецца.
Сертыфікат могуць атрымаць законныя прадстаўнікі непаўналетніх абітурыентаў альбо прадстаўнікі абітурыентаў. У гэтым выпадку законным прадстаўніком прадстаўляецца копія дакумента, які засведчвае асобу, дакумент, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка, копія дакумента, які засведчвае асобу абітурыента, дакумент аб адукацыі абітурыента (атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, або дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі, або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі).
Для атрымання сертыфіката прадстаўніком абітурыента неабходны копія дакумента, які засведчвае асобу прадстаўніка, даверанасць, аформленая ў парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам, копія дакумента, які засведчвае асобу абітурыента і дакумент аб адукацыі абітурыента.
Не выдадзеныя абітурыентам сертыфікаты захоўваюцца ў пунктах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання да канца каляндарнага года, які ідзе за каляндарным годам, у якім было праведзена ЦТ. Пасля заканчэння гэтага тэрміну дакументы знішчаюцца.-0-