27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка назначаны намеснікам прэм'ер-міністра, які курыруе сельскую гаспадарку. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта пасада ва ўрадзе была вакантнай з таго часу, як кіраўнік дзяржавы назначыў Леаніда Зайца членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання.
"Юрый, паглядзіце, якія функцыі вы возьмеце на сябе, акрамя вёскі. Чаму? Мне патрэбны талковы, дасведчаны перапрацоўшчык. Мы ўсё "сельская гаспадарка, сельская гаспадарка", як быццам гэта раслінаводства і жывёлагадоўля. Ды не, гэта яшчэ перапрацоўка і продаж прадукцыі. Гэта жалезная работа, Юрый Вітольдавіч, - ваша. Кантроль за выкананнем тых праграм, якія вызначаны Прэзідэнтам. Вы іх добра ведаеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў паспяховую работу Юрыя Шулейкі на пасадзе старшыні аблвыканкама: "У яго атрымалася, гэта вельмі важна. Значыць, ведае, што і там адбываецца".
"Я ўдзячны, што ты згадзіўся на гэту пасаду. Я разумею, што губернатар ёсць губернатар: далей ад Галоўчанкі, Рыжанкова, Крутога, там цішэй. Тут трэба выбудоўваць добрую сістэмную работу ў сельскай гаспадарцы перш за ўсё. Ты як дасведчаны чалавек згадзіўся пайсці на гэту работу - дзякуй. Захочаш на нейкую іншую работу, я табе абяцаў: прыйдзеш, скажаш - разгледзім. Я думаю, што ў цябе атрымаецца. Мы гатовы падтрымліваць і дапамагаць табе ў гэтым плане", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, пакуль у Брэсцкую вобласць не будзе назначаны новы кіраўнік, Юрый Шулейка будзе курыраваць гэты рэгіён. Гэтыя пытанні і пасля застануцца ў яго кампетэнцыі як упаўнаважанага Прэзідэнта.
Падключыць да гэтай работы кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў сенатара Міхаіла Русага.
"Я баюся, каб мы там не страцілі ўборачную кампанію. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-