23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 жніўня падпісаў указ нумар 333 "Аб асаблівасцях работы з маёмасцю неплацежаздольных арганізацый". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент спрашчае парадак адчужэння (перадачы) і дзяржаўнай рэгістрацыі прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў, а таксама капітальных будынкаў (пабудоў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, незавершаных капітальных будынкаў, машына-месцаў у працэдурах конкурснага вядзення, санацыі, ліквідацыйнай вытворчасці неплацежаздольных арганізацый.
Каб паскорыць уключэнне такіх аб'ектаў у гаспадарчы абарот, іх можна будзе адчужаць або перадаваць без правазасведчвальных дакументаў, без тэхнічнай дакументацыі, калі маёмасць падлягае зносу, без кансервацыі незавершаных капітальных будынкаў.
Рэгістрацыя стварэння прададзеных (перададзеных) аб'ектаў, дагавораў куплі-продажу такіх аб'ектаў, узнікнення правоў, абмежаванняў (абцяжаранняў) правоў на іх будзе ажыццяўляцца па заяве пакупніка (крэдытора, прымаючай арганізацыі). Незарэгістраваныя зямельныя ўчасткі, на якіх размешчаны прададзеныя (перададзеныя) аб'екты, акрамя падлягаючых зносу, будуць прадастаўляцца іх набытчыкам.
Указам таксама вызначаецца механізм фінансавання расходаў, звязаных з перадачай такіх аб'ектаў у дзяржаўную ўласнасць.-0-