11 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Афіша XXVII Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа" вельмі насычаная. Такую думку выказала карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ярмалінская.
"Я была на двух папярэдніх фестывалях. У гэтым годзе афіша вельмі насычаная. Вялікая прысутнасць замежных калектываў - 28 тэатраў з 9 краін, якія прадстаўляюць самыя розныя тэатральныя жанры. Гэта і монаспектаклі, і драма, і камедыя, і фантасмагорыя. Большая прысутнасць класікі, на мой погляд. І гэта заўсёды цікава гледачу, паколькі кожны тэатр трактуе яе па-свойму, мае сваё бачанне класічнай п'есы", - адзначыла кіраўнік БСТД.
Так, адкрыла конкурсную праграму "Белай вежы-2023" трагікамедыя "Галаўлёвы" Новасібірскага драматычнага тэатра "Стары дом". Спектакль паводле рамана Салтыкова-Шчадрына паставіў адзін з лепшых інтэрпрэтатараў рускай класікі рэжысёр Сяргей Фядотаў. Лаўрэат "Залатой маскі", ён ужо вядомы брастаўчанам: на адным з фестываляў "Белая вежа" яго спектакль "Калека з Інішмана" атрымаў Гран-пры.
У фестывальнай афішы таксама заяўлены спектакль "На дне" ў пастаноўцы Ніжагародскага акадэмічнага тэатра драмы імя М. Горкага. Школа драматычнага мастацтва з Масквы прадставіць сваю версію адной з самых папулярных п'ес Астроўскага ў спектаклі "Навальніца. Апокрыф". Гледачы таксама ўбачаць камедыю "Даходнае месца" ў пастаноўцы Разанскага абласнога тэатра драмы, які закрые конкурсную праграму.
Адным з першых на фестывалі быў паказаны монаспектакль "Тата заўсёды мае рацыю" паводле матываў казкі Андэрсена "Што муж ні зробіць, тое і добра" тэатра "Крэда" з Балгарыі. Пастаянны глядач "Белай вежы" памятае спектакль "Шынель" гэтай трупы, які стаў хітом сусветнага тэатра. "Мы былі ў захапленні ад гэтай акцёрскай работы, ад таго, як інтэрпрэтавана казка Андэрсена", - падзялілася Вераніка Ярмалінская.
Паводле яе слоў, пастаноўка балгарскага тэатра стала для яе спектаклем-адкрыццём. "Усяго толькі два акцёры заняты, а відовішча на самай справе паўнацэннае, вельмі незвычайнае. Спектакль манахромны: сцэнаграфія, касцюмы выкананы ў белым колеры. Пры гэтым прысутнічае сапраўдная магія тэатра. Нейкі зусім просты матэрыял стварае атмасферу зімы, святла, стварае настрой для гледача любога ўзросту. Гэта проста свята для любой глядацкай аўдыторыі", - лічыць доктар мастацтвазнаўства.
XXVII Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" праходзіць у Брэсце з 8 па 16 верасня. Форум праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры, Брэсцкага абласнога і Брэсцкага гарадскога выканаўчых камітэтаў.-0-