30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стартавала дабрачынная кампанія Беларускага Чырвонага Крыжа "Збяром дзяцей у школу", накіраваная на збор школьных прылад для дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БЧК.
"Набліжаецца новы навучальны год, і для многіх дзяцей ён абяцае быць напоўненым радасцю адкрыццяў і новых ведаў. Мы не павінны дапусціць, каб для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей з інваліднасцю і дзяцей з малазабяспечаных сем'яў пачатак навучальнага года быў азмрочаны адсутнасцю неабходных школьных прылад", - адзначылі ў прэс-службе.
У Беларускім Чырвоным Крыжы ўпэўнены, што кожнае дзіця незалежна ад свайго сацыяльнага статусу або асаблівасцей развіцця павінна мець доступ да якаснай адукацыі і адчуваць сябе паўнапраўным членам грамадства.
Да дабрачыннай кампаніі запрашаюць далучыцца ўсіх неабыякавых. Па-першае, можна сабраць школьныя прылады: сшыткі, ручкі, алоўкі, лінейкі, пеналы, рукзакі, падручнікі і г.д. і перадаць у адзін з офісаў арганізацыі.
Другі варыянт - зрабіць грашовае ахвяраванне праз АРІП. Такая дапамога дасць магчымасць набыць неабходныя прылады, адзенне і абутак для дзяцей. Для гэтага трэба выбраць у дрэве АРІП пункт "Дабрачыннасць, грамадскія аб'яднанні", далей паслядоўна выбраць пункты "Дапамога дзецям, дарослым", "Беларускі Чырвоны Крыж", "Дабрачынныя ўзносы", пасля чаго выбраць адпаведную абласную арганізацыю, увесці нумар дабрачыннай акцыі 222, праверыць карэктнасць інфармацыі і зрабіць плацеж.
Акрамя таго, дапамагчы маючым патрэбу дзецям можна, распаўсюдзіўшы інфармацыю аб кампаніі: расказаць пра яе сваім сябрам, калегам і знаёмым.-0-