Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з 28 лютага па 2 сакавіка зрабіў дзяржаўны візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку. Гэта найвышэйшы пратакольны статус замежных візітаў, паведамляе БЕЛТА.
У Пекіне кіраўніка беларускай дзяржавы сустракалі з улікам усіх асаблівасцей не толькі дыпламатычнага пратакола, але і дружалюбных адносін паміж краінамі, асаблівага ўзроўню адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, аб якім яшчэ ў верасні 2022 года дамовіліся лідары Беларусі і Кітая.
Дзяржаўныя гімны, ганаровая варта, беларускія сцягі на вуліцах Пекіна, прадстаўнічы картэж у суправаджэнні матацыклістаў і многія іншыя тонкасці сведчылі аб асаблівым статусе гэтага візіту. У Кітаі са старажытных часоў удзяляюць вялікую ўвагу дзелавому этыкету і пратаколу, а таму выпадковасцей у гэтай справе быць не можа.
Але галоўным усё ж было не гэта, а, як адзначыў на перагаворах з Аляксандрам Лукашэнкам Старшыня КНР Сі Цзіньпін, неабходнасць напоўніць зместам новы статус двухбаковых адносін. "Мяне са спадаром Прэзідэнтам аб'ядноўвае агульнае імкненне да развіцця кітайска-беларускіх адносін. Мы ўжо дружым не першы год. У нас трывалая непарушная дружба. Ва ўмовах нестабільнасці і турбулентнасці міжнароднай абстаноўкі Кітай актыўна настроены на прадаўжэнне сумесных намаганняў з Беларуссю па ўмацаванні палітычнага ўзаемадаверу і практычнага супрацоўніцтва ў інтарэсах дынамічнага, здаровага і ўстойлівага развіцця двухбаковых адносін", - заявіў ён.
ВІЗІТ У АСАБЛІВЫ ЧАС
Гэты візіт Прэзідэнта Беларусі ў КНР мае гістарычнае значэнне. Дарэчы, ён 13-ы па ліку на пасадзе кіраўніка дзяржавы, і з цяперашнім Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам Аляксандр Лукашэнка таксама сустракаўся ўжо 13-ы раз. І ў Кітаі гэта лічба не выклікае ніякіх адмоўных канатацый. Наадварот, як удалося даведацца ў кітаязнаўцаў, лічба ўдачная, чаму ёсць шмат прыкладаў у культуры гэтай краіны.
Варта асабліва адзначыць, што візіт адбыўся ў перыяд важных палітычных падзей у самім Кітаі, а таксама на фоне складанага перыяду геапалітычнай трансфармацыі на планеце. Пры гэтым важна разумець, што Кітай ужо стаў адным з асноўных полюсаў шматпалярнага ўладкавання свету, а таму ад яго ўнутранай устойлівасці і стабільнага развіцця многае залежыць у глабальным маштабе.
На гэта ў тым ліку звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сваіх чатырохгадзінных перагавораў з Сі Цзіньпінам. "Паважаны Старшыня, дарагі сябар беларускага народа. Перш за ўсё чарговы раз хачу павіншаваць цябе з найвялікшым даверам кітайскага народа. У сваім віншаванні ад імя Прэзідэнта Беларусі, маёй сям'і я сумленна выказаўся аб тым, што мы вельмі перажывалі за поспех чарговага з'езда Камуністычнай партыі Кітая. Мы вельмі хваляваліся. Хоць можна было і не хвалявацца. Але, тым не менш, за сяброў заўсёды хвалюешся. І я хачу ад імя беларускага народа, ад сваёй невялікай сям'і, сябе асабіста павіншаваць майго сябра Сі Цзіньпіна з выбраннем Старшынёй КНР", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Але гэта яшчэ не ўсё. Літаральна гэтымі днямі ў Пекіне пачнуць работу штогадовыя сесіі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў і кансультатыўнага савета. Гэта важныя палітычныя падзеі ў Кітаі, у ходзе якіх будуць прымацца кадравыя рашэнні, фарміравацца каманда для далейшай рэалізацыі планаў па стратэгічным развіцці КНР і дасягненні пастаўленых мэт. "Гэта бывае рэдка. І гэта (арганізацыя дзяржаўнага візіту ў гэты перыяд. - Заўвага БЕЛТА) толькі падкрэслівае важнасць і значнасць дружбы і дружалюбнай прыхільнасці перш за ўсё двух лідараў - Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна", - адзначыў у інтэрв'ю журналістам першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Мікалай Снапкоў.
НЕМАГЧЫМАЕ МАГЧЫМА
Афіцыйным перагаворам паміж кіраўнікамі дзяржаў у Пекіне папярэднічалі змястоўныя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі вышэйшага кіраўніцтва КНР.
Спачатку - з Прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час менавіта ў Кітаі пераймалі вопыт па шэрагу напрамкаў, у першую чаргу ў пытанні стварэння свабодных эканамічных зон. "Мы ўсё лепшае (30 гадоў таму пачалі гэты працэс) пераймалі ў вас. Мы шмат зрабілі з таго часу. І жамчужынай, вянцом нашых адносін стаў (індустрыяльны парк. - Заўвага БЕЛТА) "Вялікі камень" - буйны міжнародны праект, які мы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам адкрылі пад Мінскам, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Тады я сказаў, што мы ніколі не застанёмся ў даўгу перад вялікім кітайскім народам. Так было заўсёды ў гісторыі нашага народа. Я працаваў з трыма старшынямі КНР: Цзян Цзэмінем, Ху Цзіньтаа і цяперашнім - Сі Цзіньпінам".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры непасрэдным удзеле Лі Кэцяна бакі дасягнулі практычна немагчымага. Раней бакі марылі аб $5 млрд тавараабароту. Сёння ж гэты паказчык практычна ўжо дасягнуў $6 млрд і працягвае расці.
"У нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. Мы супрацоўнічаем па ўсіх напрамках. І, самае галоўнае, мы ніколі не ставілі перад сабой задачу, каб дружыць і працаваць супраць трэціх краін, каго б там ні было. Мы робім усё ў інтарэсах сваіх народаў - беларускага і кітайскага. Так будзе і ў далейшым", - запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў поспехаў у развіцці Кітая, паколькі гэта важна ў тым ліку і для Беларусі. "Будзе моцным Кітай - будзе моцнай і будзе развівацца і наша Беларусь. У нас прапаноў шмат, планаў вельмі шмат, якія будуць выгадныя і Беларусі, і Кітаю. У вас ёсць у цэнтры Еўропы мірная, спакойная Беларусь. Давайце разам будзем інтэнсіфікаваць нашы адносіны на карысць нашых народаў. Там няма закрытых тэм для вас, няма закрытых рэгіёнаў. Прыязджайце, будзем супрацоўнічаць. Наша дружба стала ўсепагоднай, усёабдымнай. І ў гэтым ключы мы гатовы дзейнічаць і ісці насустрач кітайскаму народу", - запэўніў беларускі лідар.
Кітай традыцыйна ўваходзіць у тройку гандлёвых партнёраў Беларусі. За 2022 год тавараабарот Беларусі і Кітая склаў $5,79 млрд (больш як 113 працэнтаў да ўзроўню 2021 года). Экспарт тавараў склаў $1,61 млрд, імпарт - $4,18 млрд.
Пасля сустрэчы з Лі Кэцянам Аляксандр Лукашэнка на цэнтральнай у Пекіне плошчы Цяньаньмэнь усклаў вянок да Помніка народным героям. Гэта не толькі традыцыя, але і важная частка дзяржаўнага візіту. Захаванне гістарычнай памяці важна ў тым ліку і для Кітая, і краіна шануе сваіх герояў, якія аддалі жыццё ў рэвалюцыйнай барацьбе.
ПРЫЯРЫТЭТ У ПАЛІТЫЦЫ
Яшчэ адна важная сустрэча - са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Чжаньшу. Тут Аляксандр Лукашэнка згадаў аб змяненнях у Канстытуцыю Беларусі, у адпаведнасці з якімі Усебеларускаму народнаму сходу быў нададзены канстытуцыйны статус. У свеце няма аналагаў гэтай структуры, але, як адзначыў Прэзідэнт, яна падобная да Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў.
"Пашырэнне кантактаў з Кітаем для нас - прыярытэт у знешняй палітыцы. Дзякуючы сумесным намаганням паняцце ўсебаковае стратэгічнае партнёрства набыло асаблівае значэнне ў адносінах паміж Беларуссю і КНР. Сёння Мінск і Пекін прадаўжаюць умацоўваць канструктыўны палітычны дыялог, паспяхова развіваць эканамічнае ўзаемадзеянне і пашыраць рэгіянальныя сувязі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсепагодны характар двухбаковага супрацоўніцтва дае магчымасць Беларусі і Кітаю рухацца далей. "Мы гатовы і ў далейшым прыкладаць неабходныя намаганні для плённага развіцця нашага партнёрства", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб падабенстве поглядаў Беларусі і Кітая па пытанні шматпалярнага светаўладкавання. "Кітай стаў глабальнай дзяржавай. Без Кітая сёння немагчыма вырашыць ніводнае пытанне на нашай планеце. Кітай - прыхільнік шматпалярнага свету. Такую ж палітыку праводзім і мы. І наогул палітыка як унутры Кітая, так і ўнутры Беларусі падобная. Міжнародны парадак дня намі цалкам падтрымліваецца. Мы дзейнічаем у адным ключы", - сказаў беларускі лідар.
Ён асабліва адзначыў, што нядаўнія прапановы Старшыні КНР аб мірным развіцці на планеце, недапушчэнні санкцый, развіцці добрасуседства цалкам супадаюць з пазіцыяй Беларусі.
"Мы вельмі высока цэнім цеснае стратэгічнае супрацоўніцтва з вашай краінай на міжнароднай арэне. Нашы краіны нязменна аказваюць падтрымку адна адной па важных ключавых пытаннях сусветнага парадку дня. Мы асуджаем дзеянні, накіраваныя на ўзмацненне напружанасці вакол Тайваня. Беларусь заўсёды прытрымлівалася прынцыпу "Аднаго Кітая", выступала за мірнае вырашэнне і катэгарычна супраць умяшання замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы КНР. Мінск падтрымліваў і будзе падтрымліваць Пекін па ўсіх адчувальных пытаннях. У тым ліку па Сіньцзяне, Паўднёва-Кітайскім моры, Ганконгу і Тайвані", - запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва адзначыў, што міжпарламенцкія кантакты з'яўляюцца значным фактарам развіцця беларуска-кітайскіх адносін.
СУМЕСНЫЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
На перагаворах з Сі Цзіньпінам кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў аб падтрымцы ініцыятыў Кітая ў галіне міжнароднай бяспекі і па тэматыцы развіцця.
"Сустрэча праходзіць у вельмі няпросты час, які патрабуе новых нестандартных падыходаў і адказных палітычных рашэнняў. Яны павінны быць накіраваны перш за ўсё на недапушчэнне глабальнага процістаяння, у якім не будзе пераможцаў. Вы аб гэтым дакладна, адназначна, пунктуальна нядаўна заявілі, звяртаючыся да сусветнай супольнасці. Менавіта таму Беларусь актыўна выступае з прапановамі аб міры, цалкам падтрымлівае вылучаную вамі ініцыятыву аб міжнароднай бяспецы", - заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што з беларускім бачаннем таксама поўнасцю супадае ініцыятыва Сі Цзіньпіна па тэматыцы развіцця. "Мы адразу ж далучыліся да механізмаў па яе пашырэнні і гатовы да сумеснай падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў у Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ініцыятыва ў галіне глабальнага развіцця, накіраваная на садзейнічанне краінам, якія сталі на шлях развіцця, праз праекты тэхнічнай дапамогі, што фінансуюцца Кітаем, была абвешчана Сі Цзіньпінам у верасні 2021 года ў выступленні на Генеральнай Асамблеі ААН. Пекін стварыў Групу сяброў у падтрымку ініцыятывы, у якой на сённяшні дзень знаходзяцца амаль 60 дзяржаў - членаў ААН. Беларусь у ліку першых увайшла ў склад групы.
Ініцыятыва ў галіне глабальнай бяспекі была вылучана Старшынёй КНР у красавіку 2022 года на адкрыцці Бааоскага азіяцкага форуму. Аснову ініцыятывы складаюць цвёрдае адстойванне аўтарытэту і статусу ААН, сумесная практыка сапраўды шматбаковага падыходу, каардынацыя намаганняў па ўстараненні пагроз бяспецы як у традыцыйных, так і ў нетрадыцыйных галінах, сумесная работа па ўдасканаленні глабальнай сістэмы кіравання бяспекай, імкненне да стварэння новых рамак рэгіянальнай бяспекі. Ініцыятыва супадае з беларускім бачаннем абстаноўкі на сусветнай арэне, а таксама ініцыятывамі аб аднаўленні шырокага міжнароднага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе.
ВЕЛІЗАРНЫ ПАТЭНЦЫЯЛ
Ствараць сумесныя прадпрыемствы і развіваць кааперацыю. Такую прапанову агучыў Аляксандр Лукашэнка на адкрытай для прэсы частцы перагавораў са Старшынёй КНР.
"Мы зацікаўлены ў паглыбленні супрацоўніцтва з Кітаем па тэхналагічным развіцці, уключаючы стварэнне сумесных вытворчасцей, мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў з укараненнем сучасных кітайскіх тэхналогій, прасоўванне тавараў і паслуг на рынкі трэціх краін", - сказаў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што патэнцыял двухбаковых праектаў велізарны. "Нашы вытворцы зацікаўлены ў вывучэнні кампетэнцый і тэхналогій кітайскіх кампаній у фарміраванні кампанентнай базы, выпуску рухавікоў, трансмісій, мастоў, іншых вузлоў і агрэгатаў. Прапаную стварыць сумесныя прадпрыемствы ў галіне станкабудавання, электратранспарту, вытворчасці дэталей для сельскагаспадарчай тэхнікі як у Беларусі, так і ў Кітаі. Кааперацыя дапаможа павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На перагаворах Прэзідэнт агучыў і шэраг іншых прапаноў, якія ідуць у рэчышчы сумеснай работы ў галіне сацыяльна-эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі.
НОВАЯ ЭПОХА
Лідары краін як на перагаворах у шырокім, так і ў вузкім складах размаўлялі значна даўжэй за запланаваны час, што відавочна сведчыць аб узаемнай зацікаўленасці ў вырашэнні пытанняў, якія стаяць на парадку дня, і нацэленасці на вынік.
У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама быў падпісаны маштабны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных сферах. Пад асноўным подпісі паставілі асабіста Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін. Гэта сумесная заява аб асноўных прынцыпах развіцця ўзорных адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая ў новую эпоху.
Бакі сышліся на думцы, што павышэнне статусу двухбаковых адносін да ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з'яўляецца знакавай падзеяй. Двухбаковыя адносіны зрабілі гістарычны скачок наперад і сталі ўзорам міжнародных адносін новага тыпу. У сувязі з гэтым у заяве кіраўнікі дзяржаў акрэслілі напрамкі супрацоўніцтва на перспектыву. "Гэта важнейшы палітычны дакумент, які падкрэслівае тое, што ў гэтай складанай сітуацыі Кітай з намі, і мы не падводзім Кітай", - заявіў журналістам Мікалай Снапкоў.
"Асабістая сустрэча кіраўнікоў дзяржаў заўсёды надае магутны імпульс развіццю двухбаковых адносін ва ўсіх без выключэння галінах. Гэта выявілася і ў ходзе бягучага візіту ў выглядзе падпісання вялікага пакета двухбаковых дамоўленасцей і пагадненняў. Падпісана 27 міжурадавых, міжведамасных і міжрэгіянальных пагадненняў, каля 8 камерцыйных кантрактаў у розных галінах - прамысловай і сельскагаспадарчай дзейнасці. І гэта яшчэ не ўсё. Таму што работа прадаўжаецца. І мы разлічваем, што такі пакет будзе павялічаны", - расказаў журналістам кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік раніцай 2 сакавіка ў Пекіне.
Дакументы датычацца развіцця супрацоўніцтва ў самых розных сферах, уключаючы інвестыцыі, сельскую гаспадарку, пастаўкі прадуктаў харчавання, ахову здароўя, будаўніцтва, прамысловасць, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, спорт, турызм і медыя.
Акрамя таго, вялікі блок падпісаных дакументаў у рамках дзяржвізіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай датычыцца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, а таксама фінансаў, банкаўскай сферы, інфармацыйнага забеспячэння гандлю і супрацоўніцтва па лініі арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Як расказаў Мікалай Снапкоў, у цэлым падпісаны блок дакументаў, якія на бліжэйшыя 5-10 гадоў створаць канструкцыю ўзаемаадносін дзвюх краін.
Ён асабліва падкрэсліў, што бакі выйшлі на фінішную прамую па пагадненні аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. Работа над ім вялася на працягу трох гадоў. "Гэта фактычна зона свабоднага гандлю ў паслугах і інвестыцыях. Гэта значыць, што не будзе бар'ераў. Прыкладна, па міжнародным вопыце, гэта плюс 12,5 працэнта ў гандлі паслугамі і плюс 30 працэнтаў у інвестыцыях. Гэта калі па-простаму. Але дакумент глыбокі і моцны. Самае важнае, што няма бар'ераў. А мы ўсе ведаем, што фактычна ў вытворчасці тавару 80 працэнтаў - гэта паслугі", - заявіў першы віцэ-прэм'ер.
Яшчэ адзін важнейшы дакумент стратэгічнага характару - комплексная стратэгія сумеснага прамысловага развіцця. Гэта значыць, што Кітай гатовы дзяліцца з Беларуссю тэхналогіямі вытворчасці прамысловай прадукцыі. Гэта важнейшы элемент будучага тэхналагічнага развіцця з улікам таго, што Кітай сёння - перадавая тэхналагічная краіна.
Вельмі важны таксама пакет дакументаў па паглыбленні ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Кітая. Паводле парады Сі Цзіньпіна, на дадзеным этапе акцэнт будзе зроблены на супрацоўніцтве з трыма з іх. Гэта гарады Цяньцзінь, Ціндаа і Чунцын. Прыярытэтныя інтарэсы тут ляжаць у галіне супрацоўніцтва ў лагістыцы, транзіце, электроннай камерцыі, медыцыне, выкарыстанні магчымасцей пляцоўкі зоны свабоднага гандлю ШАС.
Добрыя напрацоўкі ёсць і з кітайскімі партнёрамі ў сферах медыцыны і фармацэўтыкі, аўтамабілебудавання, ІКТ і плацежнай інфраструктуры.
БІЗНЕС-КАНТАКТЫ
У апошні дзень візіту, 2 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчы з кіраўнікамі буйных кітайскіх карпарацый, на якіх абмяркоўваліся пытанні інвестыцый у розныя сферы і супрацоўніцтва ў аўтамабілебудаванні.
Кіраўнік дзяржавы ў тым ліку сустрэўся са старшынёй праўлення карпарацыі "СІЦІК Груп" Чжу Хэсінем. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ганарацца супрацоўніцтвам з адной з магутнейшых кампаній у свеце, якой з'яўляецца карпарацыя "СІЦІК Груп". "Вельмі спадзяёмся, што пасля гэтага візіту і перагавораў з вышэйшымі кіраўнікамі краіны, у тым ліку з маім добрым сябрам Сі Цзіньпінам, наша супрацоўніцтва будзе толькі пашырацца і ў нас не будзе ніякіх праблем у перспектыве з асваеннем новых праектаў, асабліва ў плане стварэння і будаўніцтва аб'ектаў вашай кампаніі, беларускіх аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што агульны аб'ём укладанняў у будаўніцтва з удзелам "СІЦІК Груп" на тэрыторыі Беларусі на гэты момант складае $1,5 млрд.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў карпарацыі ў першую чаргу сканцэнтравацца на некалькіх напрамках работы ў Беларусі. Па-першае - на будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната. "Усё, аб чым вы гаварылі, што вы прасілі і патрабавалі, беларускі бок рэалізаваў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Другі напрамак - гэта працяг будаўніцтва і развіцця аб'ектаў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Першыя этапы "БНБК-1" і "БНБК-2" паспяхова рэалізаваны з удзелам кітайскіх партнёраў. "Мы хацелі б прадоўжыць будаўніцтва біятэхналагічнага кластара, карпарацыі на тэрыторыі Беларусі яе трэцяй чаргой па глыбокай перапрацоўцы кукурузы і атрыманні вітамінаў і іншых прадуктаў. Вельмі на гэта спадзяёмся. Ніякага непрыняцця ў Сі Цзіньпіна па гэтым праекце не было. Таму што гэта знакавыя праекты", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Кітай рэалізуюць шэраг такіх важных праектаў, як БНБК, вытворчасць "Джылі" і іншыя. "Гэта вельмі знакавыя праекты. Для ўсяго свету, для Еўропы. Мы разам з Кітаем гэтымі праектамі хочам паказаць, што супрацоўніцтва Беларусі і Кітая - гэта не проста гандаль і абмен таварамі. Гэта стварэнне высокатэхналагічных кампаній і карпарацый", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што ёсць і некалькі іншых праектаў у галіне вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі з перспектывай пастаўкі на кітайскі рынак. "У нас таксама няма абсалютна ніякага процідзеяння. Наадварот, вы атрымаеце ў гэтым плане, як і па папярэдніх праектах, сур'ёзную падтрымку з боку ўлад Беларусі", - запэўніў беларускі лідар.
Тэму будаўніцтва "БНБК-3" па сваёй лініі ў Пекіне абмяркоўваў і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. Гэты праект прадугледжвае арганізацыю вытворчасці вітамінаў, амінакіслот, прадуктаў крухмальнай, глюкознай вытворчасці. Гэта дасць магчымасць наладзіць выпуск прынцыпова новых як для Беларусі, так і для ўсіх краін СНД прадуктаў - вітамінаў (В2, В12, С) і новых відаў амінакіслот (валін, лейцын, ізалейцын).
"У Кітаі з'явілася некалькі гадоў таму дзяржаўнае агенцтва па інвестыцыях, якое ўзяло на сябе ролю мадэратара ўсіх такіх інвестыцыйных праектаў. Мне ўдалося сустрэцца з кіраўніцтвам гэтага агенцтва. Больш за дзве гадзіны праводзілі перагаворы, - адзначыў Ігар Брыло. - Іх хвалявала пытанне, куды будзе рэалізавана наша прадукцыя. У прыватнасці, вітаміны. Мы дэталёвым чынам расклалі па палічках кожную краіну, куды Беларусь будзе прадаваць. Дамовіліся, што літаральна сёння мы ім даём паўнацэнную інфармацыю з расшыфроўкай кожнага кілаграма, кожнай краіны. Вельмі вялікі пазітыўны настрой у мяне на тое, што "БНБК-3" у нашай краіне будзе будавацца. Гэта вялікія інвестыцыі".
Яшчэ адна сустрэча Аляксандра Лукашэнкі - з кіраўніцтвам Першай кітайскай аўтамабільнай карпарацыі "ФАВ Груп". Гэта адзін са старэйшых і буйнейшых вытворцаў аўтамабіляў у Кітаі. Найбольш вядомыя брэнды карпарацыі - Hongqi (Хунці - перакладаецца як "чырвоны сцяг") і Jiefang (Цзэфан) легкавых аўтамабіляў і камерцыйных грузавікоў Кітая адпаведна. Лімузін серыі Hongqi L быў выбраны ў якасці афіцыйнага аўтамабіля для буйных урачыстасцей і мерапрыемстваў у Кітаі. Дарэчы, менавіта аўтамабіль гэтай маркі быў прадастаўлены кітайскім бокам для выкарыстання ў картэжы Прэзідэнта Беларусі ў ходзе дзяржвізіту ў КНР.
"Вы ведаеце, што мы вельмі зацікаўлены ў развіцці аўтамабілебудавання ў Беларусі. Учора на перагаворах з маім сябрам Сі Цзіньпінам я папрасіў яго, каб ён падтрымаў маю ініцыятыву па супрацоўніцтве з вашай кампаніяй. Ён мне сказаў, што падтрымлівае. Ён падкрэсліў: "Гэта дзяржаўная кампанія, я падтрымліваю кантакты спецыялістаў Беларусі з кампаніяй і наколькі гэта трэба для развіцця адносін гатовы дапамагаць", - расказаў падрабязнасці перагавораў Прэзідэнт Беларусі.
"Наш інтарэс да вас вы ведаеце. Вы робіце добрыя аўтамабілі. Калі ў вас ёсць жаданне і імкненне працаваць у Беларусі - я да вашых паслуг. Я хацеў бы, каб мы стварылі сапраўдны аўтамабіль у Беларусі разам з вамі. І калі мы хочам атрымаць эфект і поспех, гэта трэба рабіць цяпер, і вельмі хутка, калі вызваліліся тэрыторыі і рынкі для нашай будучай прадукцыі. У мяне адно пытанне: як вы гледзіце на гэта з улікам маёй і Сі Цзіньпіна падтрымкі?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня праўлення Першай аўтамабільнай імпартна-экспартнай карпарацыі, генеральны дырэктар па міжнародных сувязях Першай кітайскай аўтамабільнай карпарацыі Ян Даюн падзякаваў за сустрэчу і падкрэсліў наяўнасць вялікай увагі да развіцця супрацоўніцтва. "Мы будзем вельмі акуратна і ўважліва рэалізоўваць гэты праект, які ўзгоднены паміж кіраўнікамі краін", - запэўніў ён.
ЭКАНАМІЧНЫ ЭФЕКТ
Сукупны эканамічны эфект ад беларуска-кітайскіх дамоўленасцей, дасягнутых і фармалізаваных у ходзе цяперашняга дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНР, ацэньваецца ў памеры больш як $3,5 млрд. "Сукупны эканамічны эфект ацэньваецца недзе ў раёне $3,56 млрд у эквіваленце. Гэта не будзе ў моманце, але ўсе дамоўленасці і працэсы, якія ідуць, у тым ліку тыя, якія былі вызначаны ў Самаркандзе (у верасні 2022 года. - Заўвага БЕЛТА), фарміруюць такую агульную лічбу", - паведаміў Мікалай Снапкоў.
Такім чынам, падпісаны пакет дакументаў адкрывае больш шырокія перспектывы для павелічэння названага эканамічнага эфекту ў агляднай і бліжэйшай перспектыве.
Ёсць добрыя перспектывы і для развіцця гандлёвага супрацоўніцтва. "Мы ўсе ведаем аб тым, што $5,8 млрд - рэкордная лічба абароту 2022 года. Хачу сказаць з задавальненнем аб тым, што студзень і 14 дзён лютага бягучага года нам ужо даюць рост на 72 працэнты да мінулага года па экспарце. Мы, у прынцыпе, ужо выйшлі прыкладна на мільярд сумеснага тавараабароту за паўтара месяца", - расказаў першы віцэ-прэм'ер.
Гэта падкрэслівае дынамізм і тую важнасць, якую надае Кітай у падтрымцы і развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю. Такая дынаміка важна з пункту гледжання дыверсіфікацыі экспартных паставак.
НОВЫ МЕХАНІЗМ
Нягледзячы на тое, што мінулы 2022 год быў даволі складаны з пункту гледжання пандэміі і Кітай быў адносна закрыты, бакам удалося дабіцца росту тавараабароту і экспарту беларускай прадукцыі. Па тэмпах росту экспарту ў Кітай Беларусь перамясцілася са 136 на 38 пазіцыю, што з'яўляецца вельмі нядрэнным паказчыкам. "Гэта сведчыць аб тым, што сёння Кітай зацікаўлены купляць нашу прадукцыю, і Беларусь адпрацавала адпаведныя механізмы, акрэдытацыю нашых відаў прадукцыі для рэалізацыі на кітайскім рынку. Кітайскі спажывец добра ведае беларускія прадукты і з задавальненнем іх купляе. Сама Беларусь асацыіруецца ў кітайскіх пакупнікоў з якаснымі і экалагічна чыстымі таварамі", - адзначыў у размове з журналістамі пасол Беларусі ў Кітаі Юрый Сянько.
Беларусь і Кітай цяпер выкарыстоўваюць новы механізм супрацоўніцтва ў гандлі, які добра сябе зарэкамендаваў па вопыце мінулага года. Як растлумачыў Мікалай Снапкоў, ён заключаецца ў экспартных і імпартных заяўках: "На 2023 год заяўка па экспарце $2,2 млрд. Гэта плюс $600 млн да 2022 года. Што характэрна - яны ажыццяўляюцца праз асацыяцыі. Інакш кажучы, кітайскія асацыяцыі па адпаведных таварных групах дапамагаюць нам прадаваць тавары. Другая частка - гэта імпартная заяўка: 107 кампаній заявілі больш за 700 пазіцый, у якія ўключаюцца і тэхналагічнае абсталяванне, станкі, сыравіна і матэрыялы. Таксама механізм прадугледжвае, што асацыяцыі дапамагаюць нам знайсці партнёраў, якія будуць пастаўляць на наш рынак неабходнае на гэты час абсталяванне і сыравіну".
"Гэты механізм мы апрабавалі ў мінулым годзе, ён паказаў сваю эфектыўнасць. Гэты мільярд за паўтара месяца таксама сведчыць аб тым, што механізм дзеючы і эфектыўны", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.
РОСТ ПАСТАВАК
Значную частку беларускага экспарту ў Кітай фарміруюць пастаўкі па лініі АПК. І ў бліжэйшы год, як расказаў міністр Ігар Брыло, іх плануецца нарасціць практычна ўдвая. Па выніках 2022 года Беларусь паставіла ў Кітай прадуктаў харчавання на суму звыш $500 млн. "Гэта рост больш як на 40 працэнтаў. Але гэта ўсё роўна не тыя лічбы. Кітай - вялікая краіна. І хоць мы шэсць апошніх гадоў істотна дабаўляем, але гэта ўсё роўна не тыя лічбы. На гэты год мы паставілі амбіцыйную задачу падысці да $900 млн. Думаю, мы з ёй справімся", - заявіў кіраўнік Мінсельгасхарча.
У Кітаі ў міністра адбыліся плённыя сустрэчы па розных напрамках. "На сённяшні дзень мы прадаём ялавічыну, малако сухое і неразведзенае, мяса птушкі. Я прывёз дакументы на адкрыццё прадпрыемстваў (для паставак. - Заўвага БЕЛТА) па прадукцыі, якая прайшла тэрмічную апрацоўку. Гэта датычыцца мяса птушкі і ялавічыны. Мы прывезлі дакументы на адкрыццё па нашай кансерваванай прадукцыі. І для нас вельмі важная дзіцячая, гамагенізаваная прадукцыя. Гэта другі блок пытанняў", - расказаў Ігар Брыло.
З кітайскімі партнёрамі падпісаны два дакументы адносна развіцця вытворчасцей у сферы АПК на тэрыторыі Беларусі. "У прыватнасці, для Мінскай і Магілёўскай абласцей. Будзе будавацца буйнейшы ў Беларусі свінагадоўчы комплекс на 300 тыс. галоў - у Мінскай вобласці. Гэта добры, вельмі важны для нашай краіны праект. І будзем мадыфікаваць нашу мясную жывёлагадоўлю на базе Магілёўскай вобласці. Перш за ўсё - будаўніцтва асобнага забойнага цэха. Будзе будавацца каля тысячы легкаважных навесаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы парод абердзін-ангускай або лімузін. Пакуль прыярытэт кітайцаў стаіць на абердзін-ангускай. Даволі ёмістая размова і добрыя намеры былі падпісаны. Гэта ўжо такая дарожная карта супрацоўніцтва канкрэтна Міністэрства сельскай гаспадаркі са сваімі калегамі з Кітая", - сказаў Ігар Брыло.
Не менш важны стратэгічны тавар - калійныя ўгнаенні. Мікалай Снапкоў падзяліўся падрабязнасцямі, расказаўшы аб перагаворах з асноўнымі кітайскімі імпарцёрамі па аб'ёмах і па цане. "Не магу цяпер сказаць аб канкрэтных лічбах, але магу запэўніць вас, што гэта істотны рост аб'ёмаў. І мы вельмі рады гэтаму. Мы ўсе адчулі, наколькі ва ўмовах беспрэцэдэнтных і неразумных санкцый важна харчаванне і наколькі важны той прадукт - калійныя ўгнаенні, - якім валодае наша краіна", - сказаў ён.
"АДНО АКНО"
Як стала вядома, пры супрацоўніцтве з Кітаем у сферы медыцыны і аховы здароўя плануецца заключаць пагадненні з буйнымі стратэгічнымі партнёрамі, праз якія будзе арганізавана работа ўжо з іншымі кампаніямі. Гэта нагадвае прынцып "адно акно". "Ён і стратэг, і прадстаўнік наш. Як праз "адно акно" будуць ажыццяўляцца пастаўкі", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер. У дадзеным выпадку маюцца на ўвазе, напрыклад, закупкі абсталявання і фармсубстанцый у Кітаі. Аналагічны падыход - пошук стратэгічнага партнёра - плануецца выкарыстоўваць і пры развіцці супрацоўніцтва з Кітаем у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Некаторымі падрабязнасцямі супрацоўніцтва з Кітаем у сферы медыцыны з журналістамі падзяліўся міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч. "Мы правялі ўжо даволі вялікую колькасць сустрэч напярэдадні візіту. Не толькі і не столькі ў Пекіне. Мы былі ў дзвюх правінцыях і заключылі шэраг пагадненняў. У прыватнасці, аб пастаўках медыцынскага абсталявання і вырабаў медыцынскага прызначэння. Аб рабоце па пастаўках субстанцый і шэрагу прэпаратаў, вырабленых у КНР, з мэтай далейшай лакалізацыі ў нашай краіне. Прайшла сустрэча з асацыяцыяй вытворцаў на базе кампаніі "Сінафарм", якая ўсім нам знаёма", - расказаў кіраўнік ведамства.
Паводле яго слоў, напярэдадні пачатку візіту кіраўніка дзяржавы адбыліся сустрэчы ў профільным Міністэрстве аховы здароўя Кітая, дзе разглядаліся пытанні стратэгічнага супрацоўніцтва. "Больш за ўсё гаварылі аб тым, як развіваць адносіны ў будучым. Як у цэлым у сістэме аховы здароўя, так і асаблівую ўвагу ўдзялілі развіццю індустрыяльнага парка "Вялікі камень", дзе плануецца лакалізацыя вытворчасці медыцынскага абсталявання, вырабаў медпрызначэння, прэпаратаў традыцыйнай кітайскай медыцыны. Плануем будаўніцтва медыцынскіх цэнтраў, у тым ліку якія будуць займацца традыцыйнай кітайскай медыцынай і той медыцынай, еўрапейскай у нашым разуменні, якая таксама развіта даволі добра ў Кітаі", - расказаў міністр.
У цэлым, дадаў Дзмітрый Піневіч, Кітай праяўляе вялікую цікавасць да тых пазіцый, дзе ў Беларусі назапашаны высокатэхналагічны перадавы вопыт. Напрыклад, у транспланталогіі, траўматалогіі, кардыяхірургіі.-0-