8 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскае свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") у Шклоўскім раёне, асноўныя мерапрыемствы якога праходзілі 6 ліпеня, наведалі больш за 96 тыс. гасцей. У параўнанні з мінулым годам колькасць гасцей фестывалю прырасла на 16 тыс., паведамілі БЕЛТА ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Міліцыя забяспечыла ахову грамадскага парадку ў час правядзення свята, здарэнняў і надзвычайных сітуацый не дапушчана. Асноўную ўвагу праваахоўнікі ўдзялілі пытанням забеспячэння асабістай, маёмаснай і дарожнай бяспекі людзей.
Рэспубліканскае свята "Купалле" штогод становіцца адной з самых відовішчных і масавых культурных падзей рэгіёна. Мерапрыемства традыцыйна праходзіць на маляўнічым бераге Дняпра каля моста, які злучае аграгарадкі Александрыя і Копысь. Гісторыя фестывалю бярэ пачатак з 2010 года, а ідэя яго правядзення звязана з рэчышчам ракі, што спакон веку служыла калыскай культуры многіх славянскіх народаў, а таксама было часткай вялікага гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі".
"Купалле" ў Александрыі кожны раз аб'ядноўвае некалькі дзясяткаў тысяч гасцей, прафесійных і аматарскіх творчых калектываў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дарэчы, у бягучым годзе святочныя мерапрыемствы наведалі кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій з 30 акрэдытаваных у Беларусі замежных дзяржаў.
У праграму свята ўвайшлі некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў: народныя купальскія забавы, карагоды, квесты, канцэрты, майстар-класы, конкурсы, дзіцячыя інтэрактыўныя шоу-праграмы, спартыўныя і цыркавыя выступленні, канцэрты, святломузычны паказ, маладзёжная дыскатэка.-0-