23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тавараабарот Беларусі і Бураціі за пяць гадоў вырас у шэсць разоў. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік Бураціі Аляксей Цыдзенаў перад пасяджэннем рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Бураціі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі браць у абсалютных лічбах, тавараабарот у нас невялікі, але за пяць гадоў ён вырас у шэсць разоў. Мы бачым дынаміку, зацікаўленасць ва ўзаемадзеянні. Мы даўно супрацоўнічаем на міжрэгіянальным узроўні, ёсць пагадненні з Брэсцкім і Гомельскім аблвыканкамамі па сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве. Пад эгідай ДКНТ Беларусі ажыццяўляецца агульная каардынацыя ўзаемадзеяння з намі", - сказаў Аляксей Цыдзенаў.
Паводле яго слоў, напрамкаў супрацоўніцтва даволі шмат. "У нас працуюць беларускія трактары, БЕЛАЗы. На тэрыторыі Бураціі ёсць дылер МТЗ, ён забяспечвае рэалізацыю прадукцыі і далейшае суправаджэнне. У Бураціі здабываецца вугаль у вялікіх аб'ёмах, і там кар'ерныя самазвалы БЕЛАЗ па-за канкурэнцыяй. У магазінах прадаюцца беларускія сыры, масла - хоць нібы далёка, але ваша малочная прадукцыя даязджае да нас, карыстаецца попытам, запатрабавана. Нашы прадпрыемствы лёгкай прамысловасці супрацоўнічаюць. Наш авіяцыйны завод узаемадзейнічае з авіярамонтнымі прадпрыемствамі Беларусі, у тым ліку па пастаўцы камплектуючых, у нас цесная кааперацыя. Агульных інтарэсаў даволі шмат, і не толькі ў прамысловай сферы, але і ў сферы аховы здароўя. У Беларусі добры вопыт, мы ведаем, на што паглядзець, чаму павучыцца, а ў нас ёсць свае цікавыя напрацоўкі - вельмі развіта ўсходняя медыцына", - адзначыў кіраўнік Бураціі.
Ён таксама падкрэсліў вялікі патэнцыял развіцця турызму. "Бурація - гэта Байкал. Сёння ў нас вялікая інвестпраграма, шмат будуецца атэляў рознага класа, мы запрашаем беларусаў на Байкал. Гэта сусветная жамчужына. Зімой і летам - заўсёды прыгожа. Людзі атрымліваюць вельмі моцныя ўражанні. Турыстаў з Бураціі таксама будзем прыцягваць у Беларусь. Я сам хачу прывезці сюды сям'ю, мне тут падабаецца", - рэзюмаваў Аляксей Цыдзенаў.-0-