БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы
Галоўная Навіны

ЦТ па чатырох прадметах сёння плануюць здаваць 28,6 тыс. абітурыентаў

06.06.2024 09:06
6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтралізаванае тэсціраванне па чатырох прадметах сёння плануюць здаваць 28,6 тыс. абітурыентаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

"Сёння пройдзе цэнтралізаваны экзамен па гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве, фізіцы і хіміі. Усяго запісалася больш за 28,6 тыс. абітурыентаў. Пры гэтым фізіку здаваць будуць 12,5 тыс. чалавек, гісторыю Беларусі - 6,4 тыс., хімію - 4,9 тыс., грамадазнаўства плануюць здаваць 4,8 тыс. абітурыентаў", - расказаў Юрый Міксюк.

Іспыты стартуюць па ўсёй краіне адначасова ў 11.00. Удзельнік павінен прыбыць у пункт правядзення ЦТ загадзя. Пры сабе неабходна мець пропуск, дакумент, які засведчвае асобу (пашпарт, ІD-картка (пластыкавая смарт-картка), пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі, пасведчанне бежанца, даведка, што выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, што засведчвае асобу), ручку (гелевую або капілярную) з чарніламі чорнага колеру. Школьнікі без дакумента, што засведчвае асобу, да праходжання іспытаў не будуць дапушчаны. Не трапяць на экзамен і тыя, хто спазніўся - тыя, хто прыбудуць на ЦТ пасля адкрыцця пакета з экзаменацыйнымі работамі. 

Удзельнік, які не з'явіўся на іспыт альбо вызвалены ад яго непасрэдна ў час экзамену па ўважлівых прычынах (захворванне або іншыя, не залежныя ад навучэнца абставіны, пацверджаныя дакументальна), зможа здаць ЦЭ або ЦТ у рэзервовыя дні або іншыя тэрміны. Рэзервовымі ў гэтым годзе вызначаны 19, 21, 23 чэрвеня. ЦТ па ўсіх прадметах пройдзе 19 чэрвеня, 21-га пройдуць ЦЭ і ЦТ па профільных прадметах і 23 чэрвеня адбудуцца ЦЭ і ЦТ па рускай або беларускай мове. Ёсць яшчэ іншыя тэрміны - гэта 19 і 21 жніўня. У гэты час іспыты будуць здаваць тыя, хто па ўважлівых прычынах не змог прысутнічаць у папярэднія тэрміны, у тым ліку ў рэзервовыя, а таксама парушальнікі правіл паводзін у аўдыторыі. Тыя, хто здае цэнтралізаваны экзамен у жніўні, удзельнічаць у прыёмнай кампаніі ў ВНУ не змогуць, пайсці вучыцца можна будзе толькі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

Атрымаўшы ў аўдыторыі бланк экзаменацыйных заданняў, удзельніку ЦТ неабходна пераканацца, што нумар варыянта бланка адказаў адпавядае нумару варыянта экзаменацыйнай работы. Выпускніку трэба запісаць нумар бланка адказаў у пропуск. Пасля таго, як адведзены на іспыт час закончыцца, трэба здаць экзаменацыйныя матэрыялы і лісты для рабочых запісаў. Тыя, хто закончаць выкананне работы раней за адведзены час, могуць пакінуць аўдыторыю. Калі гэта адбудзецца за 15 мінут да заканчэння адведзенага на іспыт часу, давядзецца застацца ў аўдыторыі і дачакацца заканчэння тэста. 

Згодна з правіламі правядзення ЦТ удзельнікам катэгарычна забараняецца праносіць і выкарыстоўваць у аўдыторыях, дзе праводзіцца экзамен, любыя прадметы, акрамя дакумента, які засведчвае асобу, ручкі, пропуска і калькулятара (толькі на іспыты па хіміі і фізіцы). Таксама нельга фальсіфікаваць даныя ў месцы рэгістрацыі бланка адказаў, мяняцца месцамі ў аўдыторыі, экзаменацыйнымі матэрыяламі, карыстацца дапамогай іншых удзельнікаў. Пакараюць за ўнясенне інфармацыі ў бланк адказаў пасля заканчэння часу экзамену, за наяўнасць пры сабе сродкаў сувязі, электронна-вылічальнай тэхнікі, фота-, аўдыя- і відэаапаратуры, а таксама шпаргалак на любых носьбітах, іншыя ўстройствы прыёму, захоўвання і перадачы інфармацыі. Акрамя таго, забаронена выносіць з аўдыторый і пункта правядзення іспытаў экзаменацыйныя матэрыялы, лісты для рабочых запісаў, пісьмовыя заметкі, фатаграфаваць экзаменацыйныя матэрыялы, размаўляць паміж сабой у аўдыторыях, абменьвацца чым-небудзь з іншымі ўдзельнікамі ЦТ, самавольна выходзіць з аўдыторыі і перамяшчацца па пункце правядзення без суправаджэння педработніка. Парушальнікаў выдаляць з аўдыторыі, і здаць ЦТ яны змогуць толькі ў жніўні, пазбавіўшыся ў гэтым годзе магчымасці паступаць у ВНУ. 

Выйсці з аўдыторыі ў час ЦТ можна толькі па ўважлівай прычыне (у тым ліку дрэннае самаадчуванне, фізіялагічныя патрэбнасці) і толькі ў суправаджэнні педагагічнага работніка. Пры выхадзе трэба будзе пакінуць экзаменацыйныя матэрыялы і лісты для рабочых запісаў на рабочым месцы побач з дакументам, які засведчвае яго асобу. Адказны педработнік праверыць у прысутнасці ўдзельніка ЦТ камплектнасць экзаменацыйных матэрыялаў, якія пакідаюцца. Час адсутнасці будзе ўключаны ў агульны час праходжання іспыту. 

Інфармацыю аб выніках ЦТ можна будзе атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Сертыфікат ЦТ абітурыент атрымлівае ў пункце, у якім ён праходзіў тэсціраванне, пад подпіс пры прад'яўленні дакумента, што засведчвае асобу, з якім ён праходзіў ЦТ, дакумента аб адукацыі і пропуска з адзнакай "Тэсціраванне прайшоў".-0-

 
Усе навіны

Карысныя спасылкі