6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЦВК падрыхтавала памятку прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі. Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы апарату ЦВК Алена Грыгаровіч на семінары "Інфармацыйнае суправаджэнне выбарчай кампаніі: асноўныя этапы і асаблівасці арганізацыі" ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У бліжэйшы час на афіцыйным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі з'явіцца памятка прадстаўніку сродкаў масавай інфармацыі. Там будуць выкладзены асноўныя этапы выбарчай кампаніі, а таксама правы і абавязкі журналістаў і службовых асоб сродкаў масавай інфармацыі", - адзначыла Алена Грыгаровіч.
Семінар "Інфармацыйнае суправаджэнне выбарчай кампаніі: асноўныя этапы і асаблівасці арганізацыі" праходзіць сёння ў Мінску. У праграме мерапрыемства - абмеркаванне актуальных пытанняў, якія датычацца падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Беларусі: забеспячэнне электаральнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь; асаблівасці правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2025 годзе, роля СМІ; міжнародныя стандарты ўдзелу СМІ ў выбарчым працэсе. Удзельнікі семінара - прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і дзяржаўных СМІ.
"Сёння на семінары мы абмяркуем правы і абавязкі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, аспекты, якія закладзены ў выбарчым заканадаўстве і датычацца асвятлення выбарчай кампаніі. Напрыклад, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам кандыдаты ў Прэзідэнты маюць роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Цяпер яшчэ рана гаварыць пра перадвыбарную агітацыю, заўтра пачынаецца перыяд збору подпісаў. У той жа час мы абмяркуем сёння і парадак збору подпісаў, як гэта будзе адбывацца", - падкрэсліла Алена Грыгаровіч.
Арганізатары семінара - Міністэрства інфармацыі пры падтрымцы Цэнтральнай выбарчай камісіі і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.-0-