
Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын у размове з журналістамі падвёў вынікі нарады ў кіраўніка дзяржавы і расказаў аб плануемых навацыях у галіне арэнднага жылля, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння Прэзідэнту Беларусі прадставілі праект нарматыўнага прававога акта ў гэтай сферы. Прапанаваны шэраг навацый. У тым ліку права выкупу арэнднага жылля ў Беларусі прапануецца ўвесці ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс.чалавек.
"Адзін з прыярытэтных напрамкаў наступнай пяцігодкі - будаўніцтва арэнднага жылля. Каля 5 млн кв.м арэнднага жылля мы збіраемся пабудаваць у наступнай пяцігодцы. Пытанне яго выкупу ў сельскіх населеных пунктах ужо не першы месяц абмяркоўваецца ў грамадстве, і сёння Прэзідэнтам нашай краіны гэта прапанова была падтрымана", - сказаў Аляксандр Турчын.
Ён растлумачыў, чаму для ўрада гэта прынцыповае пытанне. "У невялікіх населеных пунктах (з насельніцтвам колькасцю да 20 тыс. чалавек) пытанне жылля стаіць даволі востра. Таму для людзей, асабліва для маладых сем'яў, вельмі важна атрымаць арэнднае жыллё плюс упэўненасць у тым, што калі ты добрасумленна працуеш і жывеш у гэтым населеным пункце, то праз 10 гадоў ты маеш права на даволі камфортных умовах выкупіць гэта арэнднае жыллё. Жыллёвае пытанне - адно з галоўных у жыцці любога чалавека. Мне здаецца, вырашэнне гэтай праблемы менавіта такім чынам - праз прадастаўленне арэнднага жылля з далейшым правам яго набыцця ва ўласнасць - павінна даць пэўны імпульс для замацавання кадраў у сельскай мясцовасці", - адзначыў прэм'ер-міністр.
"Прэзідэнт падтрымаў праекты дакументаў. Мы цяпер з тэхнічнага пункту гледжання іх крыху дапрацуем. Думаю, у бліжэйшы час кіраўнік дзяржавы іх падпіша", - дадаў Аляксандр Турчын.
Ён таксама абазначыў прыкладныя тэрміны, калі могуць пачаць працаваць новыя нормы. "Ураду хацелася б, каб мы ў наступную пяцігодку ўжо ўваходзілі з нарматыўнымі дакументамі, якія не будуць стрымліваць рэалізацыю нашых планаў на пяцігоддзе. Улічваючы, што праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку нам неабходна будзе зацвярджаць на Усебеларускім народным сходзе, нам хацелася б, каб, вызначаючы нашы планы, мы ўжо разумелі механізм іх рэалізацыі. І не трацілі час у наступным годзе, а з пачатку наступнай пяцігодкі маглі інтэнсіўна гэта ўсё рэалізоўваць. У нашай праграме вызначаны канкрэтныя мэты, канкрэтныя задачы, пад іх закладзены рэсурсы. На рэалізацыю нашай мэты ў памеры 5 млн кв.м арэнднага жылля ў наступнай пяцігодцы будзе накіравана каля Br13 млрд. Гэта немалыя сродкі. Спадзяёмся, што рэалізацыя нашых планаў дапаможа людзям атрымаць сваё жыллё ў невялікіх населеных пунктах краіны", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.
Паводле яго слоў, падрыхтаваныя дакументы пасля іх падпісання не будуць статычнымі. "Безумоўна, мы будзем глядзець, як яны будуць рэалізаваны на практыцы. Калі будзем бачыць, што нешта неабходна падкарэкціраваць, выправіць, вядома, зробім гэта вельмі аператыўна", - сказаў на заканчэнне прэм'ер-міністр.-0-