У Брэсцкай вобласці гэтай зімой турыстам прапануюць наведаць 20 падзейных мерапрыемстваў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Алена Космач.
У Брэсцкай вобласці адзначаюць павелічэнне турыстычнага патоку. Так, у 2022 годзе паўднёва-заходні рэгіён наведалі 1,5 млн гасцей. Паводле аператыўных даных, за 11 месяцаў гэтага года на Брэстчыне пабывалі 1,6 млн чалавек. Прычым зімой турыстычная цікавасць не зніжаецца.
"Гатовы задаволіць павышаны попыт на падарожжы. У Брэсцкай вобласці сфарміраваны турыстычныя прапановы на зімовы сезон. У гэтым годзе акцэнт зроблены на падзейных мерапрыемствах. У нас ёсць пункты прыцягнення, куды цікава паехаць у зімовы час, у навагоднія і калядныя святы. У кожным раёне запланаваны мерапрыемствы для рознай катэгорыі турыстаў", - адзначыла Алена Космач.
Ва ўпраўленні спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама распрацавалі каляндар падзейных мерапрыемстваў турыстычнай цікавасці на 2024 год, у які ўключаны 65 фестываляў і свят. А гэтай зімой на тэрыторыі рэгіёна прапануюць наведаць 20 мерапрыемстваў.
Аднымі з першых зімовы турыстычны сезон пачнуць у мемарыяльным комплексе партызанскай славы "Хаваншчына" ў Івацэвіцкім раёне. Там з 2 снежня на тры месяцы паселіцца партызанскі Дзед Мароз. Наведвальнікам абяцаюць мноства актыўнасцей, у тым ліку квест, інтэрактыўную экскурсію, знаёмства з асаблівасцямі святкавання зімовых свят партызанамі.
На тэрыторыі музея народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" у Драгічынскім раёне з 7 снежня па 20 студзеня арганізуюць анімацыйную праграму для турыстаў. Іх будуць віншаваць Дзед Мароз і Снягурачка, гасцям прапануюць пакатацца на брычцы, пачаставацца стравамі рэгіянальнай кухні.
Адзін з асноўных пунктаў прыцягнення ў гэту пару года - маёнтак беларускага Дзеда Мароза ў нацыянальным парку "Белавежская пушча". У дапамогу гаспадару казачнай рэзідэнцыі 9 снежня прыедзе Снягурачка, з гэтай нагоды арганізуюць свята "Белавежская казка". А 23-25 снежня ў пушчы шумна і весела адзначаць 20-годдзе маёнтка Дзеда Мароза.
З 16 снежня свае дзверы адчыніць палеская рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Яна размесціцца ў Мерчыцкім цэнтры традыцыйнай культуры і побыту "Спадчына Палесся" ў Пінскім раёне. Наведвальнікі змогуць паглядзець інтэрактыўны спектакль пад адкрытым небам, у якім паўдзельнічаюць персанажы беларускай міфалогіі. Рэзідэнцыя будзе працаваць да 19 студзеня.
З 22 снежня па 7 студзеня запланавана навагодняя праграма "Па той бок люстэрка" ў зааландшафтным парку "Дзіпрыс" у Баранавічах. Турысты змогуць наведаць казачныя месцы, удзельнічаць у навагоднім паказе, пачаставацца рознымі ласункамі.
"Асаблівай папулярнасцю зімой у турыстаў карыстаюцца фестывалі. Да іх ліку можна аднесці "Берасцейскія сані", якія ў бягучым годзе 20 студзеня прыме Пінск, у Брэсце пройдуць гастрафэст "Брэсцкія забавы" і "Студзеньскія музычныя вечары". Традыцыйна ў ноч з 13 на 14 студзеня ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна пройдзе рэгіянальнае свята зімовых абрадаў "Конікі", якое ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нематэрыяльнай спадчыны", - рэзюмавала начальнік аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама.