23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прынята пастанова Савета Міністраў нумар 543 "Аб ахове жыцця людзей на водах", якой зацверджаны Правілы аховы жыцця людзей на водах, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Устаноўлена, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах адпаведнай тэрыторыі арганізуюць месцы размяшчэння пляжаў і купання, прымаюць меры па іх добраўпарадкаванні, утрыманні і абазначэнні на мясцовасці. Таксама яны ўстанаўліваюць час работы, забароны і абмежаванні. Інфармацыя аб такіх рашэннях даводзіцца да ведама жыхароў.
У правілах таксама адзначаецца неабходнасць правядзення растлумачальнай работы сярод насельніцтва. Размова ідзе і аб стварэнні на водных аб'ектах выратавальных станцый або выратавальных пастоў, арганізацыі дарожнага руху паблізу пляжаў.
Вызначаны кампетэнцыі органаў унутраных спраў, устаноў адукацыі, АСВОД, МНС, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, арганізацый аховы здароўя, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і іншых арганізацый.
За юрыдычнымі асобамі і ІП, якія ажыццяўляюць водакарыстанне і якім прадастаўлена права карыстання тэрыторыяй, якая прымыкае да берагавой лініі водных аб'ектаў (іх частак), для арганізацыі адпачынку, замацаваны абавязак забяспечыць ахову жыцця і здароўя людзей на водах.
Правіламі вызначаны парадак стварэння выратавальных станцый і выратавальных пастоў, правядзення мерапрыемстваў на водных аб'ектах або паблізу іх, устаноўкі знакаў бяспекі.
Устаноўлены таксама патрабаванні: да пляжаў і іх акваторыі, да карыстання імі, па забеспячэнні бяспекі пры арганізацыі купання дзяцей, па выкананні мер бяспекі на лядовым пакрыцці, да карыстання лядовымі пераправамі.
Дзеючыя Правілы аховы жыцця людзей на водах, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў ад 11 снежня 2009 года нумар 1623, страчваюць сілу.
Пастанова нумар 543 уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-