13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі нарыхтавалі амаль 10 тыс. т бярозавага соку. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала прэс-сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі Настасся Мацкевіч.
Нарыхтавана 9665 т бярозавага соку. "Практычна ўсё, што нарыхтоўваецца, адразу рэалізуецца насельніцтву і перапрацоўчым прадпрыемствам. А вось асобна насельніцтву было рэалізавана 2529 т, - сказала Настасся Мацкевіч. - Калі гаварыць аб лідарах нарыхтоўкі, то найбольшыя аб'ёмы бярозавага соку назіраюцца ў Лунінецкага, Асіповіцкага, Пінскага і Барысаўскага доследных лясгасаў".
Сезон здабычы бярозавага соку доўжыцца нядоўга, дадала прэс-сакратар. "У некаторых раёнах ён ужо заканчваецца, а ў іншых толькі пачынаецца. Вельмі шмат залежыць ад умоў надвор'я", - растлумачыла яна.