У Беларусі пачалася рэгістрацыя пашпартоў гатоўнасці да асенне-зімовага перыяду, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
Паводле даных Дзяржэнергагазнагляду на 4 ліпеня, пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона атрымалі 9 працэнтаў спажыўцоў цеплавой энергіі і 7,2 працэнта ведамасных цеплакрыніц.
Рэгістрацыя праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах краіны ў адпаведнасці з тэрмінамі, зацверджанымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Усяго ў бягучым годзе пашпарты гатоўнасці павінны атрымаць больш за 29 тыс. спажыўцоў цеплавой энергіі і звыш 10 тыс. ведамасных цеплакрыніц. Рэгістрацыя прадоўжыцца па 30 верасня.
"Пры абследаванні аб'ектаў ЖКГ спецыялісты ўдзяляюць увагу кантролю за выкананнем работ па тэхнічным абслугоўванні, рамонце і выпрабаваннях абсталявання, цеплавых сетак і інжынерных камунікацый, у тым ліку праверцы шчыльнасці закрыцця запорнай і рэгулюючай арматуры, стану ізаляцыйнага пакрыцця на трубаправодах і іншым абсталяванні сістэм цепласпажывання, стану аўтаматыкі рэгулявання расходу і тэмпературы цепланосбіта ў сістэмах ацяплення, вентыляцыі і на водападагравальніках", - адзначылі ў Мінэнерга.-0-