14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі 14 кастрычніка, у Дзень маці, стартаваў Тыдзень бацькоўскай любові. Прадоўжыцца ён да 21 кастрычніка - Дня бацькі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Мерапрыемствы, запланаваныя на гэтым тыдні, будуць садзейнічаць папулярызацыі бацькоўства, сямейных каштоўнасцей. Найбольш значным рэспубліканскім мерапрыемствам стане форум "Размова аб важным: шчаслівая сям'я - моцная дзяржава". Арганізатарам выступае Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Форум адбудзецца 15 кастрычніка ў Полацку.
Пад эгідай Міністэрства аховы здароўя 18 кастрычніка адбудзецца рэспубліканскі круглы стол "Здаровая сям'я - моцная дзяржава" з узнагароджваннем пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу "Святасць нараджэння - 2024".
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны 21 кастрычніка запрашае на дыялогавую пляцоўку "Бацькоўства і кар'ера: як сумяшчаць?" з прэзентацыяй серыі відэаролікаў сацыяльнай тэлерэкламы "Бацькоўства: баланс сям'і і работы".
Пройдзе і мноства рэспубліканскіх конкурсаў. Так, 18-19 кастрычніка ў Жлобіне пройдзе фінал сямейнага конкурсу "Сям'я! Служым разам!", арганізатары - Міністэрства ўнутраных спраў і Гомельскі аблвыканкам.
У Тыдзень бацькоўскай любові адбудзецца і фінал творчага конкурсу сярод СМІ "Моцная сям'я - моцная дзяржава". Арганізатары конкурсу - Міністэрства інфармацыі і Беларускі саюз жанчын.
А таксама адбудзецца фестываль сямейных практык для выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі і іх бацькоў "СУПЕР сям'я". Арганізатар - Міністэрства адукацыі.
Непасрэдна ў Дзень маці і ў Дзень бацькі ва ўсіх храмах пройдуць малебны за здароўе ўсіх маці і за здароўе ўсіх бацькаў.-0-