
18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні стварэння цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя і лічбавізацыі галіны разгледзелі ў Доме ўрада, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Першае пытанне - аб стварэнні цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя. "Другое пытанне яшчэ больш важнае - лічбавізацыя галіны. Хацелася б разумець архітэктуру той сістэмы, якую мы будуем, да чаго мы павінны прыйсці, які будзе вынік. Мы павінны стварыць такую сістэму, якая будзе карысная для аховы здароўя і грамадзян. Да распрацоўкі сістэмы неабходна шырока прыцягваць экспертаў, у якіх ёсць вопыт выкарыстання такіх платформ", - падкрэсліў прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.
Як паведаміў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, цэнтралізаваная інфармацыйная сістэма аховы здароўя павінна быць уведзена ў эксплуатацыю да канца 2025 года. "У нас ёсць распараджэнне кіраўніка дзяржавы, якое заключаецца ў тым, каб мы за 2024 і 2025 гады стварылі інфармацыйную платформу. Гэта платформа павінна задавальняць патрэбнасці як грамадзян Беларусі, так і прафесійнай супольнасці. Сёння прэм'ер-міністр акцэнтаваў увагу на тым, што выкананне гэтага даручэння павінна прынесці практычны вынік і прывесці да неабходнай мэты. Мы пашырым экспертную групу за кошт тых асоб, якія ўжо маюць вопыт укаранення разнастайных медыцынскіх платформ і іх працяглай эксплуатацыі. Мы павінны сабрацца і яшчэ раз ацаніць, што нам неабходна, каб якасна выканаць распараджэнне кіраўніка дзяржавы. На кожным этапе работы мы павінны рабіць рэвізію, менавіта гэтым цяпер у найкарацейшыя тэрміны мы зоймемся. Да 1 чэрвеня падрыхтуем даведачную інфармацыю з аналізам і прапановамі па ўдасканаленні выканання гэтага даручэння", - адзначыў міністр.-0-