2 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 2 лістапада адкрываюцца Дні культуры Расіі ў Беларусі. У рамках гэтай акцыі міністэрствы культуры дзвюх краін праводзяць у пагранічным горадзе сумеснае пасяджэнне калегій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасяджэнне калегій праходзіць у Брэсцкім аблвыканкаме пад кіраўніцтвам міністра культуры Беларусі Анатоля Маркевіча і яго расійскай калегі Вольгі Любімавай пры ўдзеле Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава. У пасяджэнні ўдзельнічаюць члены калегій міністэрстваў, начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў. Перад пачаткам сумеснага пасяджэння ўдзельнікі наведалі мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", дзе ўсклалі кветкі да Вечнага агню мемарыяла.
У парадку дня - шырокі спектр пытанняў. Гэта выкананне планаў па супрацоўніцтве паміж міністэрствамі на 2022-2024 гады і перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Удзельнікі абмяркуюць рэалізацыю сумесных праектаў - фестываляў, выстаў, абменных гастроляў тэатраў і канцэртных арганізацый і асобна - гастролі маладзёжнага расійска-беларускага сімфанічнага аркестра. У цэнтры ўвагі членаў калегій таксама актывізацыя супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі і стварэнне лічбавай бібліятэкі Саюзнай дзяржавы. Асобнымі пунктамі вылучаны пытанні сумеснай дзейнасці па недапушчэнні фальсіфікацыі агульнай гісторыі, захаванні гістарычнай праўды, сумесных мерапрыемстваў у рамках святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзя Вялікай Перамогі.
У праграме таксама ўзнагароджванне граматамі і падзякамі работнікаў галіны дзвюх краін, якія актыўна працуюць на ніве ўмацавання беларуска-расійскага культурнага супрацоўніцтва.
Пасля завяршэння сумеснага пасяджэння калегій у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дзён культуры Расіі ў Беларусі. Старт культурнай акцыі дасць Дзяржаўны камерны аркестр джазавай музыкі імя Алега Лундстрэма, які выступіць з вялікай канцэртнай праграмай.
Магчымасць пачуць адзін са старэйшых біг-бэндаў будзе і ў жыхароў беларускай сталіцы. Другі канцэрт джазавага аркестра адбудзецца 3 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.-0-