29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля міжнароднай паўзы 29 сакавіка адновяцца сустрэчы чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У Магілёве ў стартавым паядынку другога тура сыдуцца два клубы, якія вярнуліся ў гэтым сезоне ў элітны дывізіён, - "Днепр" прыме дзяржынскі "Арсенал". У першым туры абедзве каманды пацярпелі паражэнне: магіляўчане прайгралі ў Мазыры мясцовай "Славіі" (0:2), а футбалісты "Арсенала" ўступілі ў Мінску жодзінскаму "Тарпеда-БелАЗу" (0:1).
У другім сённяшнім матчы брэсцкае "Дынама" згуляе на сваёй арэне з гасцямі са "Смаргоні". На старце гэтага першынства брастаўчане ў гасцях згулялі ўнічыю з "Іслаччу" (1:1), а іх апаненты таксама на выездзе значна прайгралі чэмпіёну краіны сталічнаму "Дынама" (0:5).
Яшчэ тры сустрэчы адбудуцца заўтра: "Нафтан" (Наваполацк) - БАТЭ (Барысаў), "Віцебск" - "Славія", "Іслач" (Мінскі раён) - "Шахцёр" (Салігорск).
У нядзелю, 31 сакавіка, у сталічным дэрбі сыдуцца "Мінск" і "Дынама", футбалісты "Гомеля" прымуць віцэ-чэмпіёна краіны гродзенскі "Нёман", а бронзавыя прызёры і ўладальнікі Кубка жодзінскія тарпедаўцы згуляюць на сваёй арэне са "Слуцкам".-0-