25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апошні званок для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі празвініць сёння, паведамляе БЕЛТА.
"У 2022/2023 навучальным годзе ў Беларусі функцыянуе 2,9 тыс. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх вучыцца звыш 1 млн 85 тыс. навучэнцаў. У гімназіях, ліцэях, школах вучыцца каля 100,6 тыс. навучэнцаў 9-х класаў. У параўнанні з мінулым навучальным годам колькасць выпускнікоў 9-х класаў павялічылася больш як на 2,8 тыс. чалавек. У гэтым навучальным годзе ў 11-х класах вучыцца каля 52,9 тыс. навучэнцаў. У параўнанні з мінулым навучальным годам колькасць 11-класнікаў павялічылася на 600 чалавек", - расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі - начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
Вучэбныя заняткі завяршаюцца ў школах 31 мая, а для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў - 25 мая. Завяршэннем навучальнага года, уключаючы летнія канікулы ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй кодэкса, лічыцца 31 жніўня. Выпускныя экзамены для навучэнцаў 9-х класаў, а таксама для навучэнцаў 11-х класаў, якім прадастаўлена права выбару праходзіць падагульняючую атэстацыю ў выглядзе цэнтралізаваных экзаменаў або выпускных экзаменаў, пройдуць з 1 па 9 чэрвеня.
Кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская праінфармавала, што сцэнарныя планы апошніх званкоў і выпускных ужо распрацаваны. "Сцэнарыі свят будуць прысвечаны Году міру і стварэння, а таксама тым устаноўкам, якія сёння з'яўляюцца асноўнымі ў арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы з моладдзю. Хачу звярнуць увагу, што сёння патэнцыял устаноў адукацыі дае магчымасць самастойна арганізаваць і правесці гэтыя мерапрыемствы на высокім узроўні без прыцягнення пабочных людзей, ці гэта вядучыя, шоўмены, ці індывідуальныя прадпрымальнікі", - падкрэсліла яна.
Паводле слоў прадстаўніка Мінадукацыі, важнейшым аспектам пры арганізацыі святочных мерапрыемстваў стане пытанне бяспекі. "З намі цесна будуць узаемадзейнічаць калегі з праваахоўных органаў, таму меры па забеспячэнні парадку і грамадскай бяспекі будуць выкананы. Калегам з аддзелаў унутраных спраў ужо даведзены графікі правядзення мерапрыемстваў, таму мы ўпэўнены, што ўсё пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні", - адзначыла Таццяна Асмалоўская.
Выпускнікі ўжо здалі два ЦЭ. Наперадзе ў тых, хто паступае ў ВНУ, цэнтралізаванае тэсціраванне па адным прадмеце і ўступная кампанія.-0-