2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ВНУ Беларусі сёння завяршаецца прыём дакументаў абітурыентаў-мэтавікоў, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Уступная кампанія і канкрэтна прыём дакументаў ад абітурыентаў пачаўся 27 чэрвеня. Гэта юнакі і дзяўчаты, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, і сёння, 2 ліпеня, у нас завяршаецца прыём такіх дакументаў", - расказаў Сяргей Пішчоў.
Паводле яго слоў, ужо з 4 ліпеня мэтавікі будуць здаваць унутраныя ўступныя іспыты па першым профільным прадмеце ў вуснай або практычнай форме непасрэдна ў той ВНУ, у якую яны падалі дакументы.
"Асаблівасці правядзення ўступнага іспыту не зведалі ніякіх змяненняў у параўнанні з мінулым годам. Экзаменацыйная камісія будзе складацца з выкладчыка ўніверсітэта і настаўніка з установы агульнай сярэдняй адукацыі. Пералік пытанняў, якія будуць зададзены на ўступным іспыце, размешчаны са снежня 2024 года на сайце Міністэрства адукацыі, і ў юнакоў і дзяўчат, якія плануюць паступаць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, была добрая магчымасць і дастатковая колькасць часу падрыхтавацца да іспыту, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення. - Ёсць некаторыя абмежаванні, з якімі знаёмы і абітурыенты, і арганізацыі - заказчыкі кадраў. У першую чаргу, гэта датычыцца нашых арганізацый-заказчыкаў, якія павінны ў адпаведнасці з правіламі прыёму забяспечыць конкурс на зацверджаныя мэтавыя месцы для таго, каб сапраўды найбольш матываваныя і падрыхтаваныя хлопцы і дзяўчаты паступілі па такім адказным напрамку, па мэтавых дагаворах".
"Ніжні парог сярэдняга бала дакументаў адукацыі, які дае магчымасць моладзі паступаць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па большасці спецыяльнасцей павінен складаць не ніжэй за 7 балаў, - падкрэсліў Сяргей Пішчоў. - З 4 па 10 ліпеня будзе праведзены ўступны іспыт, і па 12 ліпеня юнакі і дзяўчаты будуць па выніках правядзення ўступных іспытаў залічаны ў лік студэнтаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі".
Як паведамлялася, у 2025 годзе ў цэлым набор у ВНУ складае 48,3 тыс. чалавек, амаль 32 тыс. з іх - на бюджэтную форму навучання.-0-