11 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Галоўнай падзеяй у фестывальнай сталіцы стане ўрачыстае адкрыццё "Славянскага базару", які 33-і раз праходзіць у Віцебску. У дырэкцыі форуму мастацтваў карэспандэнту БЕЛТА расказалі, якія яшчэ цікавыя мерапрыемствы чакаюць гасцей любімага ўсімі фестывалю.
Акрамя святочнага канцэрта, на які гледачы і высокія госці збяруцца толькі ў 9 вечара, адбудзецца адкрыццё міжнароднага прэс-цэнтра фестывалю. Тут праходзяць шчырыя размовы з зоркамі і дзеячамі мастацтваў, розныя прэс-канферэнцыі, прадстаўнікі СМІ пішуць самыя гарачыя рэпартажы, адсюль вядуцца прамыя трансляцыі, у час якіх вядомыя людзі раскрываюць свае патаемныя сакрэты, адказваючы на пытанні юных і дарослых журналістаў. У прэс-цэнтры 11 ліпеня можна будзе таксама сустрэцца з прадстаўнікамі Маскоўскага акадэмічнага тэтра імя Уладзіміра Маякоўскага. Тэатральная трупа са сталіцы Расіі прывезла ў фестывальны Віцебск спектакль "Рускі раман", які гледачы ўбачаць у той жа дзень у 19.00 у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.
Яшчэ тэатральныя паказы чакаюць гасцей фестывалю ў "Ляльцы". На сцэне гледачы ў 11.00 убачаць ужо любімы ўсімі віцябчанамі спектакль "Чарамара" віцебскіх лялечнікаў, а ў 19.00 тут запланавана пастаноўка тэатра лялек з Санкт-Пецярбурга, які прывёз на "Лялечны квартал" філасофскую прытчу "Сіні сабака".
У 11.00 у Мастацкі музей запрашаюць на адкрыццё выставы "Рэпін і яго вучні", падрыхтаванай Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі.
У Доме кіно будзе праходзіць міжнародны сацыяльны духоўна-асветны праект "Кіналекторый "Інтэрнат". Яго прэзентацыя адбудзецца ў 12.30.
Удзельнікі дзіцячага музычнага конкурсу, якія прадстаўляюць 14 краін, выйдуць на сцэну Канцэртнай залы "Віцебск" другі раз, каб паспаборнічаць за Гран-пры і палепшыць свае ацэнкі за выступленні. Па выніках першага конкурснага дня лідзіруе вакалістка Кая, якая прыехала на віцебскі фестываль з Мальты. Творчае спаборніцтва можа прынесці нямала сюрпрызаў, і таленавітай выканальніцы давядзецца ўтрымліваць высокі ўзровень, які яна задала першы дзень. У спіну ёй дыхаюць тры сапернікі, якія адсталі ўсяго на адзін бал, таму гарачы запал на сцэне чакае ўсіх недзіцячы. Дарэчы, беларуска Злата Ярашэвіч займае па бальным рэйтынгу трэцяе месца разам з расійскім выканаўцам.
У 14.30 на плошчы Тысячагоддзя стартуе маладзёжны патрыятычны форум, прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтай жа тэме прысвечаны Нацыянальны конкурс патрыятычнай песні, удзельнікі якога збяруцца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава ў 17.00.
"Культурнае багацце і пейзажы Пакістана" прадставяць у 15.30 у Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання.
Упершыню на "Славянскім базары" джаз прагучыць на аргане. Пачуць такое незвычайнае спалучэнне можна будзе ў абласной філармоніі а 18-й гадзіне.
Пасля ўрачыстага адкрыцця XXXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" гасцей мерапрыемства чакае сюрпрыз - вечарынка пад адкрытым небам на пляцоўцы перад КЗ "Віцебск". Такое мерапрыемства ў рамках фестывалю пройдзе ўпершыню, і гледачы Летняга амфітэатра змогуць прадоўжыць весяліцца ў 0.30 пад кампазіцыі вядомых музычных груп і салістаў.
"Славянскі базар у Віцебску" праходзіць з 9 па 15 ліпеня. Афіцыйнае закрыццё форуму пройдзе 14 ліпеня.-0-