31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У эфіры тэлеканала "Беларусь 1" намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык расказаў, як рэалізуюцца інвестпраекты па імпартазамяшчэнні з Расійскай Федэрацыяй, паведамляе БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне аб тэмпах падрыхтоўкі да рэалізацыі інвестпраектаў па імпартазамяшчэнні з Расіяй, Пётр Пархомчык адзначыў: "Самае складанае было ўсё ж такі сфарміраваць бізнес-планы. І мы гэта выканалі. Прайшлі яны праз усе этапы ўзгаднення, а цяпер знаходзяцца на стадыі ўжо рэалізацыі. У нас ужо 14 узгодненых праектаў. Пачалася выбарка грашовых рэсурсаў, якія прадастаўлены нам у рамках расійскага крэдыту. Мы ўжо выбралі каля Br900 млн. Гэта прадпрыемства "Гомсельмаш", падшыпнікавы завод, прадпрыемства беларускага металургічнага завода".
Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу на тое, што ёсць і інвестпраекты, якія сёння паспяхова рэалізуюцца і фінансуюцца беларускімі банкамі. "Банк развіцця фінансуе вельмі добры праект па Оршы - стварэнне кальцавых загатовак. Праект прадугледжвае і будаўніцтва вытворчых плошчаў у межах 25 тыс. кв.м. Работу гэту мы ўжо завяршылі. З канца года пачынаецца пастаўка абсталявання, там ужо прафінансаваны каля $30 млн. Банк развіцця і Беларусбанк прафінансавалі інвестпраекты па прадпрыемстве "Легмаш" у Оршы. Вельмі добрая сума - у межах $20 млн. І на сённяшні дзень мы ўжо канстатуем, што каля 60 адзінак абсталявання прыбылі на вытворчыя пляцоўкі, яны ўжо зманціраваны, адбыўся іх запуск. І сёння гэтыя станкі ўжо даюць канкрэтную прадукцыю", - сказаў ён.
Пётр Пархомчык дадаў: "Мы паскорылі гэтыя ўсе праекты недзе ў межах 1,5-2 гадоў, але гэтага недастаткова. Трэба значна хутчэй гэта рабіць і як мага хутчэй выкарыстоўваць рэсурсы, якія выдзелены Расійскай Федэрацыяй. Калі не мы, то нехта гэту работу выканае за нас".-0-