5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту прадаўжаецца адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У другі дзень спаборніцтваў спартсмены вызначалі мацнейшых у шасці асабістых відах праграмы, а таксама ў дзвюх эстафетах. Чарговыя залатыя медалі турніру заваявалі Аліна Змушко і Канстанцін Курачкін. Змушко, якая напярэдадні перамагла на 50 м брасам, сёння выйграла фінал на дыстанцыі 200 м, а Курачкін да свайго ўчарашняга поспеху ў заплыве на 400 м вольным стылем дадаў золата на дыстанцыі 1500 м.
Таксама ў сераду вікторыю ў фінале на 200 м батэрфляем у мужчын атрымаў Іван Шамшурын, на дыстанцыі 100 м на спіне лепшым стаў Іван Буевіч, а ў заплыве на 200 м комплексам роўных не было Івану Адамчуку. На "каралеўскай" дыстанцыі 100 м вольным стылем сярод жанчын лепшы вынік паказала Настасся Куляшова.
У мужчынскай эстафеце 4х100 м комплексным плаваннем золата дасталася квартэту з Мінска ў складзе Віктара Стасяловіча, Рыгора Пякарскага, Ільі Шымановіча і Арсенія Баржакова, а ў жаночай эстафеце 4х200 м кролем першынствавала каманда Брэсцкай вобласці (Настасся Шкурдай, Ева Андрасюк, Карына Швед і Алеся Ігнатовіч).
6 красавіка на чэмпіянаце Беларусі па плаванні таксама будуць разыграны восем камплектаў узнагарод. Трансляцыю вячэрняй праграмы ў прамым эфіры пакажа тэлеканал "Беларусь 5". Турнір у Брэсце прадоўжыцца да 8 красавіка.-0-