19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ходзе афіцыйнага візіту на Кубу міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік 18 ліпеня быў прыняты віцэ-прэзідэнтам Сальвадорам Антоніа Вальдэсам Месам, які выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы ў час яго адсутнасці ў краіне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У ходзе грунтоўных перагавораў замацаваны дамоўленасці, дасягнутыя беларускай дэлегацыяй у рамках бягучага візіту. У іх ліку - планы па комплекснай актывізацыі двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін, перспектыўныя праекты ў сферы прамысловай кааперацыі, уключаючы выхад на арганізацыю зборкі беларускай тэхнікі на Кубе, супрацоўніцтва ў біятэхналагічнай і навукова-тэхнічнай сферы, турыстычнае ўзаемадзеянне.
Абмеркавана важнае для кубінскага боку пытанне паставак беларускага сухога малака, якое выкарыстоўваецца для патрэб харчавання дзяцей да 6 гадоў. Цяпер з-за санкцый Куба адчувае ў ім дэфіцыт. Беларускі бок пацвердзіў сваё адказнае стаўленне да пытанняў харчовай бяспекі і выказаў гатоўнасць падтрымаць кубінскіх партнёраў з пастаўкамі гэтага сацыяльна важнага прадукту.
Бакамі канстатавана супадзенне пунктаў гледжання на глабальныя працэсы, якія адбываюцца, пацверджана гатоўнасць і далей аказваць адзін аднаму падтрымку ў міжнародных арганізацыях, падкрэслены высокі ўзровень узаемаразумення.
Асобна абмеркавана ўзаемадзеянне ў рамках ЕАЭС, з улікам статусу наглядальніка, які мае Куба. Кубінскія партнёры пацвердзілі гатоўнасць садзейнічаць пашырэнню інтарэсаў беларускага боку ў краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.-0-