13 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" прадстаўляе на сваім сайце віртуальную выставу "Ледзяная пятля Сталінграда", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.
Выстава прысвечана 80-годдзю заканчэння Сталінградскай бітвы. Яна створана на аснове экспанатаў з фондаў Музея Перамогі ў Маскве пры садзейнічанні музеяў - удзельнікаў міжнароднага выставачнага праекта "Тэрыторыя Перамогі". Так, свае матэрыялы для экспазіцыі прадставілі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", мемарыяльны комплекс "Парк Перамогі" (Узбекістан), Нацыянальны гістарычны музей Кыргызскай Рэспублікі, Музей незалежнасці Азербайджана, Пошукавы рух Малдовы, Ваенна гістарычны музей "Маці Арменія" і Музей гісторыі Арменіі.
"Сталінградскую бітву называюць вельмі важнай падзеяй у сусветнай ваеннай гісторыі. Па сваім маштабе, напружанні і бязлітаснасці баёў яна перасягнула ўсе папярэднія бітвы: на тэрыторыі амаль 100 тыс. кв. км змагаліся больш за 2 млн чалавек. Яна ўвайшла ў гісторыю як сведчанне найвялікшай мужнасці і гераізму савецкага народа. На выставе, у прыватнасці, прадстаўлены матэрыял пра ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона - удзельнікаў вялікай бітвы", - расказалі ў мемарыяльным комплексе.
Віртуальная экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў: у першым адлюстраваны абарончы перыяд бітвы, другі прысвечаны контрнаступленню і акружэнню групоўкі праціўніка, трэці - яе ліквідацыі. Фатаграфіі, дакументы, плакаты, лістоўкі, франтавыя замалёўкі і маляўнічыя палотны франтавых і пасляваенных мастакоў адлюстроўваюць храналогію баявых дзеянняў.
Бітва пад Сталінградам пачалася 17 ліпеня 1942 года і доўжылася роўна 200 дзён і начэй. Бітва ля берагоў Дона і Волгі завяршылася 2 лютага 1943 года разгромам 300-тысячнай групоўкі войскаў Германіі і яе саюзнікаў, паклаўшы пачатак карэннаму пералому ў Другой сусветнай вайне.-0-