14 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Мастацкім музеі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці (філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея) сёння адкрылася выстава, прысвечаная кітайскай правінцыі Ляанін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выстава размясцілася ў адной з залаў музея. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены каля 50 здымкаў, якія адлюстроўваюць жыццё правінцыі: яе прыроду і славутасці, дасягненні прамысловасці, транспарту і будаўніцтва, культуру і спорт.
"Упэўнены, што гэта выстава дапаможа жыхарам Брэста і вобласці акунуцца і адчуць усё хараство краю Ляанін, зацікавіць у мэтах моцнага супрацоўніцтва і дружбы. Думаю, азнаёміўшыся з выставай, некаторыя брастаўчане захочуць пабываць у правінцыі", - адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.
Намеснік старшыні народнага ўрада правінцыі Ляанін Цзінь Гавэй падзякаваў брастаўчанам за падтрымку пры арганізацыі выставы. "Для развіцця дружалюбных адносін самае галоўнае, каб жыхары двух рэгіёнаў азнаёміліся з культурай адзін аднаго. Выстава садзейнічае таму, каб у Брэсцкай вобласці даведаліся пра нашу правінцыю, яе гісторыю і сучаснасць, эканоміку і іншыя бакі жыцця", - сказаў Цзінь Гавэй. Ён прапанаваў арганізаваць такую выставу пра Брэсцкую вобласць у правінцыі Ляанін. "Яе захочуць наведаць многія нашы жыхары. Упэўнены, ім, як і мне, спадабаецца Брэсцкая вобласць", - упэўнены намеснік старшыні народнага ўрада правінцыі.
Паміж Брэсцкай вобласцю і правінцыяй Ляанін дзейнічае дагавор аб пабрацімскіх і дружалюбных адносінах, аднак узаемадзеянне пакуль знаходзіцца на пачатковым этапе. Гэта першы візіт кітайскіх партнёраў у паўднёва-заходні рэгіён Беларусі. У складзе дэлегацыі - дзелавыя і афіцыйныя колы.
Наведаць выставу можна да 21 ліпеня.-0-