26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 26 ліпеня 1944 года злучэнні 28-й і 70-й армій вялі баі на акружэнне брэсцкай групоўкі праціўніка.
Войскі 1-га Беларускага фронту на правым крыле вялі бязлітасныя баі з праціўнікам, які наступаў з раёна Бельска ў паўднёва-ўсходнім напрамку і з раёна на паўднёвы ўсход ад горада Семятычы ўздоўж чыгункі на поўнач. У цэнтры і на левым крыле фронту савецкія войскі, прадаўжаючы развіваць наступленне, на асобных участках прайшлі наперад да 25 кіламетраў.
У ходзе Беластоцкай аперацыі войскі 2-га Беларускага фронту, сустракаючы моцнае агнявое супраціўленне і шматлікія контратакі пяхоты і танкаў праціўніка, прадаўжалі весці наступленне. Правафланговыя злучэнні фрону, якія дзейнічалі ў напрамку Аўгустава, прасунуліся на 5-6 км. У цэнтры фронту войскі 50-й арміі фарсіравалі раку Сідра і пашырылі плацдарм на яе заходнім беразе. Часці 40-га стралковага корпуса 3-й арміі да 21 гадзіны ўварваліся на паўднёва-ўсходнія ўскраіны горада Беластока, дзе завязалі вулічныя баі.
Войскі 3-га Беларускага фронту часткай сіл правага крыла прадаўжалі весці наступальныя баі на Каўнаскім напрамку і прайшлі наперад ад 2 да 10 км.-0-