4 верасня, Івацэвіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Міністр абароны Віктар Хрэнін сёння ў час аператыўна-стратэгічнага вучэння АДКБ "Баявое братэрства" пракаменціраваў эпізод з парушэннем польскім верталётам дзяржаўнай граніцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дарэчы, пра лётчыкаў і майстэрства. На мінулым тыдні адбыўся выпадак: баявы верталёт Узброеных сіл Польшчы парушыў дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь. Гэта не што іншае, як нізкая падрыхтоўка лётчыкаў, - сказаў міністр абароны. - У нас захоўваецца ўзаемадзеянне ў рамках забеспячэння палётаў. Мы бачылі гэты борт, ведалі, з якой мэтай ён ляціць (патруляванне дзяржаўнай граніцы), сачылі поўнасцю за яго палётам. Нізкая падрыхтоўка лётчыкаў не дала магчымасці выверана прайсці, як кажуць лётчыкі, па стужачцы дзяржграніцы".
Віктар Хрэнін падкрэсліў, што інцыдэнт у Беларусі не расцэньваюць як правакацыю. "Мы не палохаем сваё насельніцтва, не сцягваем войскі з-за гэтага выпадку да дзяржграніцы, не падцягваем авіяцыю. Проста гаворым: рыхтуйце сваіх лётчыкаў так, каб яны былі прафесіяналамі", - заявіў міністр абароны.-0-