11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 1 лютага 2024 года бюджэт пражытачнага мінімуму будзе ўстаноўлены па новым наборы прадуктаў харчавання, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Урадам 9 кастрычніка 2023 года прынята пастанова нумар 666 "Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2021 года нумар 637", якая прадугледжвае перагляд мінімальнага набору прадуктаў харчавання, на аснове якога разлічваецца бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ). "Перагляд праведзены ў адпаведнасці з нормамі заканадаўства ў мэтах актуалізацыі прадуктовай карзіны - вывучаны структура фактычнага спажывання малазабяспечаных груп насельніцтва, сучасныя патрабаванні да харчавання", - адзначылі ў Мінпрацы.
Асноўнае змяненне - паляпшэнне якаснага складу нарматываў гадавога спажывання прадуктаў харчавання. Нарматывы распрацаваны спецыялістамі Навукова-практычнага цэнтра гігіены.
Новыя наборы характарызуюцца павелічэннем аб'ёмаў гадавога спажывання прадуктаў, найбольш каштоўных з пункту гледжання рацыянальнага і здаровага харчавання (крупы, бялковыя прадукты, агародніна, фрукты і сокі). У іх таксама захаваны аптымальны баланс сутачнага спажывання бялкоў, тлушчаў і вугляводаў.
У выніку перагляду будзе забяспечаны дадатковы рост сацыяльных выплат, устаноўленых ад БПМ. Толькі за кошт якаснага змянення набораў прадуктаў харчавання бюджэт пражытачнага мінімуму павялічыцца на 8 працэнтаў. Змяненні закрануць каля 1,5 млн атрымальнікаў такіх выплат (сем'і з дзецьмі, студэнты, пенсіянеры і інш). Дзейнічаць яны будуць для бюджэту пражытачнага мінімуму, які будзе ўстаноўлены з 1 лютага 2024 года.-0-