26 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Ваенныя камісарыяты Брэсцкай вобласці ў рамках праверкі баявой гатоўнасці ажыццяўляюць прызыў і адпраўку ваеннаабавязаных у адну з воінскіх часцей Узброеных Сіл, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нашай дзяржаве ўжо на працягу двух тыдняў праходзіць праверка Узброеных Сіл. Ваенныя камісарыяты Брэсцкай вобласці з учарашняга дня пачалі апавяшчэнне, збор і - з 26 сакавіка - адпраўку ваеннаабавязаных у адну з воінскіх часцей УС. Сёння ў асноўным адпраўляем афіцэраў і аргядро", - расказаў ваенны камісар Брэсцкай вобласці Алег Канавалаў. Ва Узброеныя Сілы прызавуць больш за 1 тыс. ваеннаабавязаных. Іх адпраўка ў Брэсцкай вобласці будзе прадаўжацца на працягу тыдня.
Першыя ваеннаабавязаныя сёння прыбылі ў Брэст на зборны пункт для адпраўкі. У час ваенных збораў мужчынам трэба будзе аднавіць навыкі па сваіх ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Яны азнаёмяцца з новымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.
Аляксандр Снытко быў кадравым ваенным, чатыры гады таму звольніўся ў запас. "Павестку атрымаў, неадкладна прыбыў у ваенкамат. Зборы абавязкова патрэбны. Кожны мужчына павінен выканаць свой абавязак па абароне Радзімы. Аб гэтым гаворыцца ў Канстытуцыі, у прысязе. Усе гэта ведаюць", - сказаў мужчына.
У шэрагах ваеннаабавязаных і Андрэй Дзенісюк. Ён таксама былы кадравы ваенны. "Прадстаўлена ўнікальная магчымасць праверыць свае сілы, сустрэцца з баявымі таварышамі, навучыцца чамусьці новаму", - адзначыў ваеннаабавязаны.
Урач-хірург Уладзіслаў Катовіч тэрміновую ваенную службу не праходзіў - ён вучыўся на ваеннай кафедры ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. "Прыйшла павестка на мінулым тыдні на праходжанне ваенных збораў, уласна, я тут. Калі трэба, гатовы прымяняць свае навыкі і веды на карысць нашай краіны", - падкрэсліў малады чалавек.
Пасля прыбыцця ваеннаабавязаных у воінскую часць будзе праведзена баявое зладжванне. Пазней з падраздзяленнямі воінскай часці правядуць вучэнне, у якім прымуць удзел і ваеннаабавязаныя.
"Кожны грамадзянін нашай краіны, у першую чаргу мужчына, павінен быць гатовы абараніць сваю Радзіму, сям'ю, дом. Для гэтага і праводзяцца зборы. Узброеныя Сілы рухаюцца наперад, мадэрнізуюцца і ўдасканальваюцца, паступаюць новыя ўзоры тэхнікі. Ваеннаабавязаныя таксама павінны разумець і ведаць, што сёння стаіць на ўзбраенні, як эксплуатаваць гэту тэхніку", - рэзюмаваў ваенкам Брэсцкай вобласці.-0-