БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы

Знакавыя аб'екты рэстаўрацыі вобласці

КОСАЎСКІ ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ

Упершыню Косава згадваецца ў гістарычных летапісах у 1494 годзе. Размешчаны недалёка ад горада Косава палац Пуслоўскіх па праву лічыцца жамчужынай беларускай архітэктуры. Другое жыццё палац атрымаў у 2008 годзе пасля пачатай рэканструкцыі, якая стала магчымай пасля таго, як Косаўскі палацава-паркавы ансамбль быў зацверджаны ў якасці рэспубліканскага прыярытэтнага аб'екта для правядзення рэстаўрацыі.

Заснавальнік палаца - ваявода Казімір Пуслоўскі і яго сын Вандалін - былі буйнымі прамыслоўцамі. І палац яны пабудавалі раскошны!

З першай паловы ХІХ стагоддзя, калі мястэчкам валодаў Вандалін Пуслоўскі, прыйшла ідэя пабудаваць самы прыгожы і самы незвычайны замак на тэрыторыі дзяржавы. Даручыў ён гэту справу Францішаку Яшчалду, дойліду з Варшавы. Францішак аказаўся прагрэсіўным архітэктарам і спраектаваў замак у неагатычным стылі, крыху непапулярным у той час ва ўсходніх славян. Месца ўзвядзення выбіраў сам пан. І, трэба сказаць, густ у яго аказаўся нядрэнным. Замак пабудаваны на ўзгорку, з якога адкрываецца прыгожы від на знакамітыя "панскія тэрасы" - так называлі разбіты тут раней сад, далей возера (крыху абмялелае цяпер) і лес.

Магчыма, што Пуслоўскі кіраваўся і іншымі матывамі. Цалкам верагодна, што пан выбраў месца, дзе побач стаяў дом, у якім нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Францішку Яшчалду не пашчасцілася дабудаваць замак. Завяршаў пачатае італьянец Марконі, які трывала абаснаваўся ў Расіі. Ён нават скончыў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, і замак стаў яго сапраўдным дзецішчам. Менавіта яму і прыпісваюць удачную перапланіроўку будынка і "пісанне" яго ў навакольную абстаноўку. Кастусь Каліноўскі ў час паўстання 1863-1864 гадоў са сваім атрадам захапіў замак і перадаў яго ў рукі маскоўскіх князёў Трубяцкіх. Князі вядома ж і не думалі пераязджаць у Косава, затое вывезлі ўсе багацці да сябе, а будынак... закрылі.

"Дзякуючы" Трубяцкім нам застаецца толькі здагадвацца, што ж сябе ўяўляў замак. Дакладна ўстаноўлена, што ў ім было больш за 160 пакояў, кожны з якіх меў сваё непаўторнае абсталяванне і колер: чорнае, залатое, сярэбранае... Паўсюль стаялі каміны і віселі дарагія габелены. Дарэчы, каміны па сутнасці выконвалі дэкаратыўную ролю, таму што ў замку было сапраўднае паравое ацяпленне! У падвале былі пабудаваны вялікія рэзервуары з вадой, якую пастаянна падагравалі слугі, і яна па трубах паступала ва ўсе пакоі будынка. Так была рэалізавана ідэя цэнтральнага ацяплення яшчэ ў ХІХ стагоддзі!

Кожная з 12 вежаў замка сімвалізуе месяц года. Найбольш ураджайныя - цэнтральныя чатыры вежы - гэта хлебныя месяцы года: май, чэрвень, ліпень і жнівень. Замак пабудаваны так, што кожны год два з палавінай дня сонца асвятляе поўнасцю адзін пакой. Сістэма ўнутраных праходаў і акон дае магчымасць пранікаць сонечным прамяням у кожны куток замка. Паводле легенд, у "дзень пакоя" яго прыбіралі і радаваліся сонечнаму дню менавіта ў ім. Напрыклад, у Чорнай зале гулялі ў карты, у Белай была гасціная. Парадная зала - наогул мясцовы цуда-акварыум: тут пад двайной падлогай плавалі сотні экзатычных рыб. Быў у замку свой звярынец, дзе трымалі сапраўднага льва. Гавораць, начамі гаспадары выпускалі яго з клеткі, і ён ахоўваў іх сон. Побач з палацам Казімір заклаў раскошны парк, які нагадваў рэнесансныя сады Італіі, са штучнымі азёрамі, дэкаратыўнымі тэрасамі і заморскімі дрэвамі.

Замак у Косаве - адзін з самых маладых у Беларусі.

Пасля смерці Вандаліна маёнтак у Косаве перайшоў у спадчыну да яго сына Леаніда. Паводле сведчанняў хронік, Леанід жыў у Францыі і Італіі, а ў Косава наведваўся часцей летам і наладжваў тут пышныя балі - гулянні з запрашэннем замежных акцёраў і актрыс. Уся гэта раскоша і матаўство ў рэшце рэшт прывялі да таго, што Леанід у адзін день прайграўся ў карты і вымушаны быў прадаць фамільны маёнтак пецярбургскаму купцу Аляксандраву за 700 тысяч рублёў. Купец Аляксандраў перапрадаў яго княгіні Ганне Трубяцкой, тая падарыла яго княгіні Абамелек з Валыншчыны, апошняя прадала "косаўскую забаўку" прынцу Пятру Аляксандравічу Альдэнбургскаму. А затым ведамства Мікалая ІІ выкупіла замак пад чыноўніцкія патрэбы. У першую сусветную вайну палац быў часткова разбураны немцамі, а ў 1944 годзе яго спрабавалі падпаліць партызаны. Вынікам сталі ўсе разбураныя перакрыцці, мэбля, афармленне. Толькі ў некалькіх кутках яшчэ можна разгледзець фрэскі адмысловага мастака Францішка Жмуркі, якія былі візітнай карткай замка.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 кастрычніка 2002 года нумар 1395 Палац уключаны ў пералік прыярытэтных аб'ектаў рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Рэстаўрацыйныя работы на Косаўскім палацава-паркавым ансамблі Пуслоўскіх пачаты ў 2008 годзе і прадаўжаюцца па сённяшні дзень. Фінансаванне работ ажыццяўляецца са сродкаў рэспубліканскага (Дзяржаўная інвестыцыйная праграма) абласнога і раённага бюджэтаў.

За гэтыя гады праведзены работы па рэстаўрацыі палаца. У яго залах была адкрыта часовая музейная экспазіцыя. З 11 студзеня 2017 года па 1 студзеня 2021 года экспазіцыю наведала больш за 106 тыс. чалавек.

Са снежня 2019 года на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля функцыянуюць рэстаран "Граф Пуслоўскі" і гасцініца "Атэль Пуслоўскі", якія знаходзяцца на балансе дзяржаўнай установы культуры "Косаўскі палацава-паркавы комплекс".

Асноўнае прызначэнне Косаўскага палацава-паркавага ансамбля - ажыццяўленне музейна-выставачнай, культурнай дзейнасці. Палацава-паркавы ансамбль плануецца выкарыстоўваць пад арганізацыю, правядзенне пастаянных і часовых выставак, экскурсійнага абслугоўвання і мерапрыемстваў, музейных заняткаў, правядзенне дзелавых сустрэч і прыём дэлегацый розных узроўняў, арганізацыю прэзентацый, канферэнцый, сімпозіумаў, фестываляў музыкі, танцаў, баляў, творчых вечароў, урачыстых мерапрыемстваў, дзелавых фуршэтаў.

Завяршыць рэстаўрацыйныя работы плануецца ў 2022 годзе.

КАПЛІЦА-ПАХАВАЛЬНЯ РОДУ АЖЭШКАЎ

Наша зямля багатая на гістарычныя і культурныя помнікі. Адзін з іх - капліца-пахавальня роду Ажэшкаў, якая размешчана ў вёсцы Закозель Драгічынскага раёна.

Старадаўні шляхецкі род Ажэшкаў, да якога належала знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка, звязаны з беларускім Палессем з XVI стагоддзя. У далёкім 1849 годзе Нікадзім Ажэшка пабудаваў у тагачасным фальварку Закозель Кобрынскага павета Гродзенскай губерні капліцу-пахавальню, акружаную паркам. Мэтай пабудовы было перапахаванне астанкаў трох генералаў, прадстаўнікоў роду Ажэшкаў, якія загінулі ў бітве пад Лейпцыгам («Бітва народаў») у 1813 годзе. Архітэктарам гэтага культавага збудавання, створанага ў стылі неаготыкі, быў паляк Францішак Яшчалд. Цэнтральная частка пабудовы ўяўляе сабой квадрат, пакрыты востраканцовым дахам з высокім чатырохвугольным шатром, які мае шпіль. Завяршаецца капліца гатычным крыжам. Незвычайныя вокны і люкарны былі ўпрыгожаны вітражамі, а ўнутранае ўбранне - лепкай з гіпсу. Інтэр'ер і цяпер, пасля таго, як мінуў час, уражвае сваёй прыгажосцю.

Да сённяшняга дня фасад капліцы ўпрыгожваюць два гербы - «Адынец» і «Вежа». Алтар унутры будынка быў выкананы з мармуру і дрэва.

Мясцовая шляхта, да якой належаў род Ажэшкаў, падтрымала паўстанне 1863 года. Сама Эліза Ажэшка ўсяляк дапамагала паўстанцам: забяспечвала ежай, лякарствамі, займалася пошукамі інфармацыі аб размяшчэнні царскіх войскаў. Згодна з некаторымі звесткамі, адзін з кіраўнікоў паўстання, генерал Рамуальд Траўгут, хаваўся ад праследавання ў падзямеллі капліцы. Паўстанне было падаўлена, яго кіраўнікоў схапілі, а ўдзельнікаў пачалі арыштоўваць. І ў памяць аб загінулых паўстанцах у Закозелі, у парку, пабудавалі калону-мемарыял, дзе было напісана: «Нікадзіму Ажэшку і ўсім палеглым у лясах» (1864 год).

Час ішоў, і капліца-пахавальня стала выкарыстоўвацца ў якасці культавага збудавання. А пасля 1939 года рашэннем Пінскага аблвыканкама тут планавалася размясціць музей. Аднак рашэнне так і не ажыццявілася. Між тым капліца стала разбурацца...

Доўгі час лічылася, што радавы склеп, які нікім не ахоўваўся і не меў замкоў на дзвярах, разрабаваны. Аднак археолагі і студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна знайшлі тут астанкі пахаваных прадстаўнікоў роду Ажэшкаў. Акрамя таго, сярод знаходак аказаліся і дэталі інтэр'ера, статуі з дрэва і гіпсу, бронзавае ліццё. У час расчысткі падвалаў быў знойдзены і арыгінальны элемент знакамітага слуцкага пояса. Ёсць верагоднасць устанавіць яго ўладальніка. Усе прадметы былі перададзены Брэсцкаму абласному краязнаўчаму музею.

З мэтай захавання гэтага ўнікальнага аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны ў 2008 годзе была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя. Пачаць рэстаўрацыйныя работы ўдалося ў 2019 годзе. За кошт сродкаў раённага бюджэту і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва праведзены работы па расчыстцы даху, дэмантажы каваных элементаў і фрагментаў лепкі з мэтай іх рэстаўрацыі. Вядуцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы фасада і даху, франтоў і купалаў, мастацкага чыгуннага ліцця.

Рэстаўрацыйныя работы прадаўжаюцца ў бягучым годзе.

Усе, хто неабыякавы да лёсу "жамчужыны Драгічыншчыны" - капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў - могуць унесці свой пасільны ўклад у яе рэстаўрацыю. Зрабіць гэта можна, пералічыўшы жаданую суму на дабрачынны рахунак:

3642215000044 у філіяле №802 ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Драгічына

Код 150501245, УНП – 200070815

Кантактныя тэл./факс 8 (016 44) 3 17 45 – прыёмная аддзела ідэалагічнай
работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Косаўскі Палац

Косаўскі Палац. Упершыню Косава згадваецца ў гістарычных летапісах у 1494 годзе. Размешчаны недалёка ад горада Косава палац Пуслоўскіх па праву лічыцца жамчужынай беларускай архітэктуры. Другое жыццё палац набыў у 2008 годзе пасля пачатай рэканструкцыі, якая стала магчымай пасля таго, як Косаўскі палацава-паркавы ансамбль быў зацверджаны ў якасці рэспубліканскага прыярытэтнага аб'екта для правядзення рэстаўрацыі.

Заснавальнік палаца - ваявода Казімір Пуслоўскі і яго сын Вандалін, былі буйнымі прамыслоўцамі. І палац яны пабудавалі раскошны!

Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў

Рэзідэнцыя ў Ружанах была закладзена Львом Сапегам, відаць, як ажыццяўленне лозунга «мой дом – мая крэпасць». Аб часе будаўніцтва палаца сведчаць толькі ўскосныя даныя, імя архітэктара невядома. Хутчэй за ўсё палац будавалі на месцы старога дома Тышкевічаў, які быў тут раней. Самыя першыя з ружанскіх запісаў адносяцца да 1602 года. У іх гаварылася пра будаўнічыя работы без пазначэння канкрэтнага месца. Магчыма, у той час вяліся земляныя работы па стварэнні штучнага возера, каналаў, саду і парку.

З запісаў 1605 года прыблізна можна ўявіць структуру маёнтка Сапегаў. На двары ўладальнікаў недзе ў гэты час ўзвялі тры дамы: дамы Вялікі, Сярэдні і Малы, дом Гасціны, кухню і шэраг гаспадарчых пабудоў. Відавочна, дамы будаваліся з цэглы, таму што ёсць звесткі аб рамонце двух цагельных заводзікаў. У расходных кнігах 1611 года згадваюцца таксама «каналы ў садзе».

Факт існавання палаца ў гэты час пацвярджаецца знаходжаннем у Ружанах караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1587 – 1632) у 1609 годзе, які разам з Сапегам і іншымі магнатамі накіроўваўся ў Маскву для захопу трона. Сам Леў Сапега ў час паходу ўзначаліў полк, які выставіў за свой кошт. Гэтыя ж даныя таксама пацвярджае двухдзённае знаходжанне ў гасцях і пышны прыём каралевіча Уладзіслава ў Ружанах у 1617 годзе, які ішоў на Маскву. Леў Сапега зноў далучыўся са сваім войскам да каралеўскага, але, на гэты раз заваяваць рускі трон яны не змаглі.

Запіс па Ружанскай эканоміі за 1611 год ускосна сведчыць аб завяршэнні работ па будаўніцтве палаца.

План палаца ў Ружанах падобны да плана палаца ў Ксёнджы Вялікім (Польшча). Палац у Ксёнджы быў узведзены ў 1585 – 1595 гадах майстрам з Фларэнцыі Санці Гучы (1538 – 1600). Верагодна, аўтарам першага ружанскага палаца быў альбо сам Гучы, альбо яго вучань. Палац быў пабудаваны ў стылі італьянскага барока. Аб уплыве верагодна гэтага стылю сведчыць роспіс «графіці», які захаваўся на сценах (гэту тэхніку распрацавалі фларэнтыйскія майстры). Ружанскі замак размяшчаўся на насыпным узвышшы і быў акружаны валам. Замак быў двухпавярховы з трыма каменнымі вежамі (дзвюма чатырохграннымі і адной пяціграннай), у плане выглядаў крыжападобна. Адна з чатырохгранных вежаў займала цэнтральнае становішча на галоўным (паўднёвым) фасадзе; другая фіксавала заходні бакавы фасад палаца. Трэцяя пяцігранная ў плане вежа займала паўночна-ўсходні кут палаца. У цэнтральнай частцы замка знаходзіліся зала і вестыбюль з двухбаковай лесвіцай, у бакавых частках - жылыя пакоі, кабінеты, бібліятэка. Усе пакоі былі ўпрыгожаны ляпнінай, каштоўнымі карцінамі і скульптурай. Пад домам у велізарных скляпах захоўваўся баявы арсенал, правіянт, архіў з дзяржаўнымі дакументамі, дзяржаўная скарбніца ВКЛ. Пры замку былі лінейныя пасадкі дрэў.

Пасля смерці Л. Сапегі ў 1633 годзе (пахаваны ў фамільным склепе ў Вільні) палац перайшоў яго старэйшаму сыну Яну Станіславу (1589 – 1635), які займаў пасады старосты слонімскага, маршалка дворнага і маршалка вялікага. Але праз два гады ён памёр.

Наступным уладальнікам стаў Казімір Леў (1609 – 1656) – трэці сын Л. Сапегі. Ён атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю, вучыўся ў Вільні, а затым у Інгальштацкім, Нідэрландскім, Балонскім і Падуанскім універсітэтах, валодаў 8 мовамі. У розныя часы ён займаў пасады маршалка і падканцлера літоўскага, быў сакратаром і вялікім пісарам ВКЛ, адміністратарам Брэсцкай эканоміі, старостам рагачоўскім. Ён вядомы як заснавальнік кляштара картэзіянцаў у Бярозе і кафедры права ў Віленскім універсітэце, на ўтрыманне прафесараў якой выдзяліў 37 тысяч залатых. Не забываў Казімір Леў і пра свае ружанскія ўладанні. З 10 па 19 студзеня 1644 года па запрашэнні магната ў палацы гасцяваў кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV (1632 – 1648) з жонкай Цэцыліяй-Рэнатай Аўстрыйскай. Сучаснік тых падзей Альбрэхт Станіслаў Радзівіл пісаў: «…Кароль з каралевай і дваром … з Жыровіц прыбылі ў Ражану, дзе на працягу 9 дзён … былі частуемыя». У гонар знаходжання караля ў цэнтральнай зале палаца была ўстаноўлена чорная мармуровая пліта з надпісам аб гэтай падзеі.

У той час палац ужо адрозніваўся ад ранейшага. Перабудова была праведзена італьянцам Джавані Батыстам Джыслені (1600 – 1672). Палац стаў уяўляць сабой даволі рэпрэзентабельны дом з рысамі стылю барока. Ён меў два паверхі і быў крыжападобным у плане. Палац упрыгожвалі 3 вежы. У цэнтральнай частцы палаца, якая выступала на падоўжаных фасадах глыбокімі рызалітамі, знаходзіліся парадныя залы і вестыбюль з лесвіцай. У бакавой частцы размяшчаліся жылыя пакоі, кабінеты, архіў і бібліятэка. Унутраная планіроўка была анфіладнай. Палацавыя пакоі былі ўпрыгожаны мармурам, штучнай ляпнінай (штучны мармур з гіпсавай і мармуровай крошкай, змяшаныя з клеем) і роспісам. Пакоі на першым паверсе мелі арачныя, а на другім - бэлечныя перакрыцці. Пад домам знаходзіліся трохпавярховыя арачныя падвалы. У іх размяшчаліся арсенал, архіў, склад правіянту.

Палац саслужыў добрую службу ў сярэдзіне XVII стагоддзі. У час руска-польскай вайны ў 1655 годзе, калі войскі расійскага цара Аляксея Міхайлавіча наблізіліся да Вільні, у Ружаны былі перавезены на захоўванне мошчы Святога Казіміра і знаходзіліся там да канца вайны. У гонар гэтай значнай падзеі ў палацы ўстанавілі мармуровую пліту з надпісам на латыні: "Divo Casimiro sacrum".

У час вайны ў 1656 годзе Казімір Леў памёр. Ён быў пахаваны ў сцяне кляштара картэзіянскага ў Бярозе (радавы склеп чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў). Сыноў К.Л.Сапега і яго жонка Тэадора Тарноўская (1625 – 1652) не мелі. Па іх жаданні Ружанскі палац пераходзіў далёкаму сваяку і хрэсніку Паўлу Яну Сапегу (1610 – 1665) – ваяводзе віцебскаму і гетману літоўскаму, а частка бібліятэкі перадавалася Віленскаму ўніверсітэту.

Павел Ян Сапега вызначыўся ў многіх войнах і канфліктах з каралём. Асабістымі ворагамі ён лічыў Радзівілаў і рабіў усё, каб пазбавіцца ад іх уплыву ў ВКЛ. У канцы жыцця Сапега адышоў ад палітыкі і большую частку часу праводзіў у Ружанах, дзе і памёр. Па яго распараджэнні пасля смерці былі аддадзены ў пераплаўку бронзавыя пушкі з ружанскага замка для званоў касцёла Святога Казіміра ў Вільні.

Наступным наследным уладальнікам быў малодшы сын Паўла Яна Леў Базыль (1660 – 1686). Паколькі ў 1665 годзе Льву Базылю было ўсяго пяць гадоў, то апекуном усёй маёмасці стала яго маці, а затым старэйшы брат Казімір Ян (1637 – 1720), якому і перайшлі Ружаны ў 1686 годзе.

К.П. Сапега быў адным з самых багатых магнатаў ВКЛ. Казімір Ян у 80-я гады XVII стагоддзя займаў пасады віленскага ваяводы і гетмана літоўскага (да гэтага быў чашнікам ВКЛ, падстоліем, падскарбіем дваровым, ваяводам полацкім, гетманам польным). Гэты чалавек праславіўся ў войнах з туркамі. На яго ўласным утрыманні знаходзілася 30-тысячнае войска літоўскае. У 80-я гады XVII стагоддзя амаль усе вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ займалі прадстаўнікі роду Сапегаў. У апошнім дзесяцігоддзі XVII стагоддзя (пасля смерці караля Яна ІІІ Сабескага) Казімір Павел Ян знаходзіўся ў апазіцыі дзяржаўнай улады і ўзначальваў шляхецкі рух за аднаўленне самастойнасці ВКЛ. На прастоле Сапега жадаў бачыць свайго стаўленіка французскага прынца Л. Канцы. Але затым Казімір Павел Ян сам вырашыў заняць трон. Сапегам процістаяла групоўка Радзівілаў, Агінскіх і Вішнявецкіх, якія таксама прэтэндавалі на ўладу і падтрымлівалі саксонскага курфюрста Аўгуста Моцнага. Антысапежынская канфедэрацыя аб'явіла вайну апазіцыі і рабавала яго ўладанні на працягу 1696 – 1699 гадоў. Ружанскі палац быў спустошаны. У 1700 г. войскі Сапегаў былі канчаткова разбіты ў бітве пад Алькенікамі. Сапегі перайшлі на бок сваіх сучаснікаў, але страцілі сваю магутнасць і ўплыў.

Карысныя спасылкі