Закон Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2008 г. № 433-З
«Аб асновах адміністрацыйных працэдур»
ВЫНЯТКА:
«Артыкул 30. Парадак абскарджання адміністрацыйнага рашэння
1. Зацікаўленая асоба і трэцяя асоба валодаюць правам на абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў адміністрацыйным (пазасудовым) парадку.
2. Адміністрацыйная скарга накіроўваецца ў вышэйстаячы дзяржаўны орган (вышэйстаячую арганізацыю) або ў дзяржаўны орган, іншую арганізацыю, да кампетэнцыі якіх у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь адносіцца разгляд такіх скаргаў (далей - орган, які разглядае скаргу).
3. Абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў судовым парадку ажыццяўляецца пасля абскарджання такога рашэння ў адміністрацыйным (пазасудовым) парадку, калі іншы парадак абскарджання не прадугледжаны заканадаўчымі актамі.
У выпадку адсутнасці органа, які разглядае скаргу, адміністрацыйнае рашэнне ўпаўнаважанага органа можа быць абскарджана непасрэдна ў суд.
Абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў судовым парадку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з грамадзянскім працэсуальным або гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам.
Артыкул 31. Тэрмін падачы адміністрацыйнай скаргі
1. Адміністрацыйная скарга можа быць пададзена ў орган, які разглядае скаргу, на працягу аднаго года з дня прыняцця абскарджваемага адміністрацыйнага рашэння.
2. Орган, які разглядае скаргу, мае права аднавіць тэрмін падачы адміністрацыйнай скаргі ў выпадку пропуску такога тэрміну па ўважлівай прычыне (цяжкая хвароба, працяглая камандзіроўка і інш.).
Артыкул 32. Форма і змест адміністрацыйнай скаргі
1. Адміністрацыйная скарга падаецца ў пісьмовай або электроннай форме.
2. У адміністрацыйнай скарзе, якая падаецца ў пісьмовай форме, павінны змяшчацца:
назва органа, які разглядае скаргу;
звесткі аб зацікаўленай асобе і трэцяй асобе (далей, калі не пазначана іншае, - асоба, якая падала адміністрацыйную скаргу):
прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць), месца жыхарства (месца знаходжання) - для грамадзяніна;
назва і месца знаходжання - для юрыдычнай асобы;
назва ўпаўнаважанага органа, які прыняў абскарджваемае адміністрацыйнае рашэнне;
сутнасць абскарджваемага адміністрацыйнага рашэння;
падставы, па якіх асоба, што падала адміністрацыйную скаргу, лічыць абскарджваемае адміністрацыйнае рашэнне неправамерным;
патрабаванні асобы, якая падала адміністрацыйную скаргу;
пералік дакументаў і (або) звестак (пры іх наяўнасці), што прадстаўляюцца разам з адміністрацыйнай скаргай;
подпіс грамадзяніна, альбо подпіс кіраўніка юрыдычнай асобы ці асобы, упаўнаважанай ва ўстаноўленым парадку падпісваць адміністрацыйную скаргу, альбо подпіс прадстаўніка асобы, якая падала адміністрацыйную скаргу.
3. Адміністрацыйная скарга ў электроннай форме падаецца праз адзіны партал электронных паслуг з выкарыстаннем сродкаў ідэнтыфікацыі, пазначаных у абзацах трэцім і чацвёртым часткі першай пункта 6 артыкула 14 гэтага Закона.
У адміністрацыйнай скарзе, якая падаецца ў электроннай форме, павінны змяшчацца звесткі, пазначаныя ў абзацах другім-восьмым пункта 2 гэтага артыкула.
У выпадку падачы адміністрацыйнай скаргі ў электроннай форме не патрабуецца падпісання электронным лічбавым подпісам дакументаў і (або) звестак, якія прыкладаюцца да яе, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 33. Рэгістрацыя адміністрацыйных скаргаў
1. Адміністрацыйныя скаргі падлягаюць рэгістрацыі ў дзень іх падачы.
2. Адміністрацыйныя скаргі, якія паступілі ў нерабочы дзень (нерабочы час), рэгіструюцца не пазней як у першы рабочы дзень, што ідзе за ім.
Артыкул 34. Пакіданне адміністрацыйнай скаргі без разгляду
1. Адміністрацыйная скарга пакідаецца без разгляду на працягу трох рабочых дзён з дня яе рэгістрацыі ў выпадку, калі:
разгляд адміністрацыйнай скаргі не адносіцца да кампетэнцыі дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі;
адміністрацыйная скарга пададзена неўпаўнаважанай асобай;
адміністрацыйная скарга пададзена пасля заканчэння ўстаноўленага тэрміну і не змяшчае хадайніцтва аб аднаўленні прапушчанага тэрміну.
2. Адміністрацыйная скарга на працягу трох рабочых дзён з дня яе рэгістрацыі можа быць пакінута без разгляду ў выпадку, калі:
не выкананы патрабаванні да зместу адміністрацыйнай скаргі;
у органе, які разглядае скаргу, ужо ёсць рашэнне па гэтай адміністрацыйнай скарзе.
3. У выпадку пакідання адміністрацыйнай скаргі без разгляду асобе, якая падала адміністрацыйную скаргу, вяртаюцца дакументы і (або) звесткі, прадстаўленыя разам з адміністрацыйнай скаргай, за выключэннем выпадкаў падачы адміністрацыйнай скаргі ў электроннай форме.
4. Пасля ўстаранення недахопаў, што сталі прычынай пакідання адміністрацыйнай скаргі без разгляду, адміністрацыйная скарга можа быць зноў пададзена ў орган, які разглядае скаргу.
Артыкул 34
1. Асоба, якая падала адміністрацыйную скаргу, мае права адклікаць сваю адміністрацыйную скаргу ў любы час да заканчэння яе разгляду.
Адкліканне адміністрацыйнай скаргі, пададзенай у пісьмовай форме, ажыццяўляецца з дапамогай падачы заявы ў пісьмовай форме ў орган, які разглядае скаргу.
Адкліканне адміністрацыйнай скаргі, пададзенай у электроннай форме, ажыццяўляецца з дапамогай падачы заявы ў электроннай форме праз адзіны партал электронных паслуг або пісьмовай форме ў орган, які разглядае скаргу.
2. У выпадку адклікання адміністрацыйнай скаргі орган, што разглядае скаргу, спыняе яе разгляд па сутнасці і вяртае асобе, якая падала адміністрацыйную скаргу, дакументы і (або) звесткі, прадстаўленыя разам з адміністрацыйнай скаргай, за выключэннем выпадкаў падачы адміністрацыйнай скаргі ў электроннай форме.»