Вывад ваеннаслужачых Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў (АКСВ) з Афганістана завяршыўся 35 гадоў таму - 15 лютага 1989 года. Паводле ацэнкі некаторых сучасных палітолагаў, гэта была першая вялікая антытэрарыстычная вайна навейшай гісторыі.
Ваенны канфлікт у Афганістане прадаўжаўся амаль дзесяць гадоў - з 1979 па 1989 год. Барацьба паміж урадавымі сіламі краіны пры падтрымцы АКСВ з аднаго боку і ваенізаванымі фарміраваннямі маджахедаў ("барацьбітоў за веру", душманаў), якіх падтрымлівалі вядучыя дзяржавы НАТА і краіны кансерватыўнага ісламскага свету, вялася за поўны палітычны кантроль над тэрыторыяй Афганістана.
СССР па Дагаворы аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 5 снежня 1978 года ажыццяўляў праграму палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА), якая прыйшла да ўлады ў краіне ў выніку "красавіцкай рэвалюцыі" 1978 года. Урад Афганістана з сакавіка 1979-го неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва СССР з просьбай аб прамым савецкім ваенным умяшанні.
25 снежня 1979 года па дамоўленасці з кіраўніцтвам краіны і з мэтай аказання падтрымкі ўраду НДПА ў Афганістан былі ўведзены савецкія войскі. Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў (яго складала 40-я армія) перасек граніцы Савецкага Саюза з Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан (ДРА) і аказаўся ўцягнуты ў грамадзянскую вайну, якая разгаралася ў Афганістане.
АКСВ размясціўся ў Афганістане па гарнізонах і на першым этапе свайго знаходжання ў краіне займаўся арганізацыяй аховы пунктаў дыслакацыі і розных аб'ектаў. З 1980 па 1985 год праводзіліся актыўныя баявыя дзеянні і буйныя аперацыі сумесна з сіламі афганскай арміі на ўсёй тэрыторыі дзяржавы. У 1985-1987 гадах АКСВ перайшоў ад актыўных баявых дзеянняў да падтрымкі афганскіх войскаў авіяцыяй, артылерыяй і сапёрнымі падраздзяленнямі, сілы спецыяльнага прызначэння займаліся спыненнем дастаўкі зброі і боепрыпасаў для маджахедаў з-за мяжы. У апошнія гады знаходжання ў Афганістане савецкія ваеннаслужачыя ўдзельнічалі ў правядзенні афганскім кіраўніцтвам палітыкі нацыянальнага прымірэння і прадаўжалі падтрымку афганскіх войскаў.
4 мая 1986 года на пасаду генеральнага сакратара ЦК НДПА быў выбраны Махамад Наджыбула. У 1987 годзе ён стаў прэзідэнтам краіны, якой у хуткім часе была вернута назва Рэспубліка Афганістан (РА).
14 красавіка 1988 года пасля шматгадовых (з 1982 года) непрамых афгана-пакістанскіх перагавораў Рэспубліка Афганістан, Пакістан, СССР і ЗША падпісалі ў Жэневе пагадненні па палітычным урэгуляванні становішча вакол Афганістана. У адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі ўмяшанне ва ўнутраныя справы Афганістана павінна было спыніцца.
З 15 мая 1988 года пачаўся вывад АКСВ, які завяршыўся 15 лютага 1989 года. Вывадам войскаў кіраваў апошні камандуючы 40-й арміяй генерал-лейтэнант Барыс Громаў. Ён апошнім з воінаў Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане 15 лютага ў 10 гадзін 30 мінут перайшоў мост цераз раку Амудар'ю, якая раздзяляла дзве дзяржавы ў раёне горада Тэрмез.
За ўвесь перыяд вайны праз Афганістан прайшлі 620 тыс. савецкіх ваеннаслужачых. За ваенныя і іншыя заслугі больш за 200 тыс. чалавек са складу АКСВ былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 86 удастоены звання Героя Савецкага Саюза, чацвёра з іх беларусы. У складзе абмежаванага кантынгенту ў Афганістане ваявалі каля 30 тыс. беларусаў, пры гэтым 771 чалавек не вярнуўся з Афганістана, 12 з іх лічацца прапаўшымі без вестак.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь" 15 лютага ўстаноўлены Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У Рэспубліцы Беларусь прызнанне подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў застаецца нязменным. У 2002 годзе Мінскім гарвыканкамам быў зарэгістраваны дабрачынны фонд дапамогі воінам-афганцам "Памяць Афгана".
У цэнтры Мінска, у лукавіне ракі Свіслач, узведзены мемарыял на "Востраве слёз" у памяць аб загінулых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Манументы і помнікі воінам-інтэрнацыяналістам устаноўлены ў многіх гарадах і пасёлках Беларусі.
У снежні 2023 года ў азнаменаванне 35-годдзя з дня вываду войскаў савецкай арміі з Дэмакратычнай рэспублікі Афганістан быў заснаваны юбілейны медаль "35 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана", адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Медаль будуць уручаць грамадзянам рэспублікі (у тым ліку пасмяротна), якія выконвалі воінскі і службовы абавязак у Афганістане са снежня 1979-га па люты 1989 года. Ім таксама будуць узнагароджваць ваеннаслужачых Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, работнікаў дзяржорганаў і арганізацый, асоб, якія ўнеслі значны ўклад у патрыятычнае выхаванне грамадзян Беларусі. Медаль змогуць атрымаць і грамадзяне, якія займаліся ўвекавечаннем памяці загінулых, развівалі ветэранскі рух, арганізоўвалі сацыяльную і медыцынскую рэабілітацыю воінаў-інтэрнацыяналістаў, інвалідаў, а таксама членаў сем'яў загінулых.-0-