
28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 80-годдзе Вялікай Перамогі - знакавая падзея для кожнага беларуса, заявіў журналістам намеснік старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка перад пасяджэннем арганізацыйных камітэтаў па падрыхтоўцы і правядзенні патрыятычнага праекта "Поезд Памяці". Мерапрыемства праходзіць у фармаце відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"80-годдзе Вялікай Перамогі - знакавая падзея для кожнага беларуса, для кожнага чалавека, які помніць гэтыя падзеі як найвялікшае дасягненне ўсяго савецкага народа, - сказаў Сяргей Хаменка. - Яшчэ на IX Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі было прынята рашэнне, што акцыя "Поезд Памяці" павінна стаць штогадовай. Наш кіраўнік дзяржавы, выступаючы перад удзельнікамі "Поезда Памяці", сказаў аб тым, што вельмі добра было б, калі б гэты праект аб'яднаў моладзь усіх краін былога Савецкага Саюза, якія ўнеслі ўклад у Вялікую Перамогу".
Паводле слоў віцэ-спікера, сённяшняе чарговае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта прысвечана лагістычным пытанням. "Першае пасяджэнне, - адзначыў ён, - прайшло пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Іванаўны Качанавай. Сёння мы сумесна з расійскімі калегамі абмяркуем тыя пытанні, якія датычацца арганізацыі мерапрыемстваў і, вядома ж, дасягнення тых мэт, якія ставіць перад сабой гэта акцыя. А гэта патрыятычнае выхаванне і аб'яднанне моладзі нашых дзяржаў - тых краін, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Перамозе".
"Маршрут вядомы, ён будзе датычыцца ў першую чаргу тых гістарычных мясцін, якія былі знакавымі ў дасягненні Вялікай Перамогі, - падкрэсліў Сяргей Хаменка. - Любыя стасункі ідуць толькі на карысць, калі яны сапраўды накіраваны на захаванне гістарычнай памяці і развіццё патрыятызму. Менавіта для гэтай акцыі будзе характэрна пазнанне тых асаблівасцей захавання гістарычнай памяці, якія ёсць і ў Расійскай Федэрацыі, і ў Рэспубліцы Беларусь. Дарэчы, менавіта Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сталі ініцыятарамі праекта "Поезд Памяці". Вядома ж, цікава будзе даведацца прадстаўнікам Сярэдняй Азіі, каўказскіх рэспублік аб тым, які ўклад яны ўнеслі ў Вялікую Перамогу, у прыватнасці ў вызваленне Беларусі і рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі".
Старт праекта традыцыйна будзе дадзены ў Брэсцкай крэпасці. "У горадзе, які з'яўляецца сімвалам мужнасці, стойкасці і сімвалам жадання ўсяго савецкага народа атрымаць перамогу над фашысцкай карычневай чумой", - дадаў віцэ-спікер.
Знакавы і любімы ўсімі ўдзельнікамі і арганізатарамі міжнародны беларуска-расійскі патрыятычны культурна-адукацыйны праект "Поезд Памяці" ініцыяваны ў снежні 2021 года Саветам Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Праект накіраваны на аб'яднанне моладзі краін СНД, фарміраванне паважлівых адносін да гістарычнай памяці братэрскіх народаў, знаёмства з гісторыяй і мясцінамі баявой славы, культурай і традыцыямі суседніх дзяржаў.
У рамках праекта старшакласнікі з Беларусі, Расіі і краін СНД штогод робяць двухтыднёвае падарожжа на спецыяльным поездзе па гарадах і мясцінах, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Маршрут і праграма мерапрыемства штогод мяняюцца. У 2022 годзе ў праекце прынялі ўдзел па 100 школьнікаў з Беларусі і Расіі, у 2023 годзе - 70 удзельнікаў з Беларусі, 90 - з Расіі, па 20 - з Арменіі і Кыргызстана. У 2024 годзе "Поезд Памяці" аб'яднаў 200 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана. Хлопцы і дзяўчаты наведалі 13 гарадоў, правялі 14 дзён у дарозе, пераадолелі 9316 км маршруту.
У 2025 годзе праект "Поезд Памяці" будзе прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.-0-