11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь афіцыйна стала партнёрам БРІКС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада падпісаў пісьмо ў адрас Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб гатоўнасці краіны падключыцца да БРІКС у якасці партнёра. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у час сустрэчы з паслом Расіі Барысам Грызловым перадаў дакумент расійскаму дыпламату.
"Афіцыйны адказ на пісьмовае запрашэнне з'яўляецца абавязковым элементам узгодненай дзяржавамі - членамі працэдуры атрымання партнёрсткага статусу. Менавіта з гэтага моманту краіна афіцыйна лічыцца партнёрам БРІКС", - растлумачылі ў прэс-слжубе МЗС.
У сваім пасланні Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што з моманту ўтварэння БРІКС няўхільна ўмацоўвае шматбаковае ўзаемадзеянне, становячыся не проста сімвалам, а адным са стаўпоў шматпалярнасці. Свае надзеі на справядлівае светаўладкаванне з гэтым аб'яднаннем звязваюць ужо не толькі дзяржавы-члены, але і ўзрастаючая колькасць краін глабальнай большасці. Дух узаемнай павагі і роўнасці, прывабнасць яго мэт з няўмольнай логікай вядуць да пашырэння БРІКС.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму калегу за падтрымку і з асаблівым задавальненнем адзначыў, што ўдзел Беларусі ў БРІКС у якасці партнёра афармляецца менавіта ў перыяд расійскага старшынства.
Такім чынам, Беларусь пацвердзіла сваю адпаведнасць неабходным стандартам і крытэрыям і пагадзілася прытрымлівацца ў рэчышчы кіруючых прынцыпаў мадэлі краін - партнёраў БРІКС. Сярод гэтых прынцыпаў асабліва адзначаюцца: дух узаемапавагі і разумення, роўнасці, салідарнасці, адкрытасці, інклюзіўнасці і кансэнсусу; нацэленасць на ўмацаванне структуры супрацоўніцтва БРІКС праз партнёрства па трох асноўных напрамках: палітыка і бяспека, эканоміка і фінансы, культура і міжасобасныя кантакты; нацэленасць на ўмацаванне шматбаковага ўзаемадзеяння, умацавання і абнаўлення шматбаковай сістэмы і падтрымання міжнароднага права; прыняцце мэт і прынцыпаў, замацаваных у Статуце ААН, як неад'емнага краевугольнага каменю шматбаковага ўзаемадзеяння і міжнароднага права; падтрымка ўсёабдымнай рэформы міжнароднай фінансавай архітэктуры з мэтай адлюстравання змяненняў у сусветным эканамічным ландшафце, паскарэння прагрэсу ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця, уліку законных інтарэсаў Глабальнага Поўдня і павышэння ролі і прадстаўніцтва краін, якія сталі на шлях развіцця, у міжнародным эканамічным і фінансавым кіраванні.
Беларусь таксама адпавядае ўсім патрэбным стандартам і крытэрыям, у прыватнасці, з'яўляецца дзяржавай з уплывам у рэгіёне і свеце, мае дыпламатычныя адносіны з усімі дзяржавамі БРІКС, не далучалася да санкцый у абход Савета Бяспекі ААН, падтрымлівае мір і бяспеку на міжнародным і рэгіянальным узроўнях, падтрымлівае устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё.
"Статус краіны-партнёра, акрамя іншага, прадугледжвае ўдзел на пастаяннай аснове ў спецыяльных сесіях самітаў і сустрэч міністраў замежных спраў БРІКС. Таксама магчыма запрашэнне партнёраў на іншыя мерапрыемствы міністэрскага ўзроўню, у прыватнасці, па тэматыцы гандлю, сустрэчы прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы і форум парламентарыяў. Партнёры могуць далучацца да падагульняючых дакументаў БРІКС, пашыраючы тым самым іх геаграфічны ахоп і ўзмацняючы голас аб'яднання ў міжнародных справах", - адзначылі ў міністэрстве.-0-