19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання прынялі ў першым чытанні законапраект "Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дарожным руху", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект закона ўнесены Саветам Міністраў 29 красавіка і накіраваны на прывядзенне норм закона ад 5 студзеня 2008 года "Аб дарожным руху" ў адпаведнасць з нормамі шэрага іншых заканадаўчых актаў, прынятых апошнім часам, а таксама на ўдасканаленне норм закона з улікам практыкі прымянення.
Так, у закон уводзіцца пералік выпадкаў, калі вадзіцельскае пасведчанне прызнаецца несапраўдным (заканчэнне тэрміну яго дзеяння; выдача новага вадзіцельскага пасведчання; смерць уладальніка вадзіцельскага пасведчання, аб'яўленне яго памерлым або прызнанне адсутным без вестак). Гэта зробіць больш дакладнымі статыстычныя даныя аб колькасці асоб з вадзіцельскімі пасведчаннямі і дапаможа выключыць выпадкі неправамернага выкарыстання такіх пасведчанняў.
Паўнамоцтвы па ўзгадненні адзіных праграм падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын і асоб, якія вучаць кіраванню імі, замацаваныя за Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыяй Міністэрства ўнутраных спраў, перадаюцца непасрэдна названаму міністэрству. За Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і Міністэрствам транспарту і камунікацый замацоўваюцца паўнамоцтвы па ўстанаўленні пераліку вучэбна-праграмнай дакументацыі, парадку яе распрацоўкі і зацвярджэння, напаўняльнасці вучэбнай групы, формы атэстацыі слухачоў і парадак яе правядзення пры рэалізацыі адукацыйных праграм падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў. Для стварэння больш камфортных умоў для грамадзян у выпадку праходжання імі падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў з механічнай трансмісіяй кваліфікацыйныя экзамены могуць прымацца на транспартным сродку як з механічнай трансмісіяй, так і без яе.
Сёння для кожнага з відаў кваліфікацыйных экзаменаў патрабуецца праходжанне пэўнай падрыхтоўкі. Аднак практычныя навыкі, атрыманыя ў ходзе падрыхтоўкі кіравання транспартным сродкам з механічнай трансмісіяй, павінны быць дастатковымі і для кіравання транспартным сродкам без механічнай трансмісіі. З улікам прынятых кіраўніком дзяржавы рашэнняў выключаюцца паўнамоцтвы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, звязаныя з выдачай і абменам пасведчанняў трактарыста-машыніста, дзяржаўнай рэгістрацыяй колавых трактароў, прычэпаў да іх, самаходных машын, а таксама асобныя паўнамоцтвы, звязаныя з ажыццяўленнем дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў галіне дарожнага руху. Першапачаткова законапраектам, унесеным урадам, прадугледжвалася выключыць таксама і паўнамоцтвы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання па ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю ў галіне дарожнага руху і па выяўленні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць парушэнню правіл дарожнага руху або ўчыненню дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам колавых трактароў і самаходных машын, і прыняцці своечасовых мер па іх устараненні. Гэты падыход не быў падтрыманы, у сувязі з чым Савет Міністраў правёў дапрацоўку законапраекта, вярнуўшы названыя паўнамоцтвы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Адначасова пры дапрацоўцы законапраекта паўнамоцтвы па ажыццяўленні шэрага адміністрацыйных працэдур у галіне дарожнага руху, якія больш не выконваюцца Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, прапанаваны для замацавання ў арт.16 закона за мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, што поўнасцю адпавядае падыходам указа Прэзідэнта "Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" (у частцы карэкціровак, унесеных ва ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. нумар 200 "Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян").-0-