Тактыльныя таблічкі з рэльефна-кропкавым шрыфтам устаноўлены на першым паверсе экспазіцыі і ў кожнай з яе васьмі залаў. На думку супрацоўнікаў, гэта дапаўненне дапаможа людзям з абмежаванымі магчымасцямі больш даведацца аб адным з найбольш цікавых аб'ектаў Брэсцкай крэпасці.
"Сістэма складаецца з дзвюх таблічак. На адной шрыфтам для людзей са слабым зрокам набраны тэкст, які знаёміць з экспазіцыяй канкрэтнай залы, чаму яна прысвечана. Злева размешчана мнемасхема памяшкання, якая тлумачыць, у якім напрамку трэба рухацца. Такім чынам, наведвальнікі могуць прачытаць агульную інфармацыю і даведацца, дзе канкрэтна знаходзяцца якія-небудзь музейныя экспанаты", - растлумачыла Алена Грыцук.
Паводле яе слоў, экспазіцыя "Музей вайны - тэрыторыя міру" не першая ў мемарыяльным комплексе, дзе ўстаноўлены тактыльныя таблічкі для наведвальнікаў са слабым зрокам. Вясной мінулага года яны з'явіліся ў экспазіцыі "Абарона Усходняга форта". Навацыю ўжо ацанілі выхаванцы Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.
"Мы вырашылі паступова ва ўсіх экспазіцыях уводзіць мнемасхемы і таблічкі са шрыфтам Брайля, таму што без іх такім наведвальнікам складана разабрацца ў музеі. А цяпер яны нават самастойна могуць азнаёміцца з тым, што ёсць у экспазіцыі. Наколькі гэта будзе запатрабавана, пакуль рана гаварыць. Мы хочам запрасіць на экскурсію прадстаўнікоў абласной арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку. Чакаем таксама дзяцей з Жабінкі", - дапоўніла загадчыца экспазіцыі.
Для наведвальнікаў са слабым зрокам таксама плануюць падрыхтаваць пэўны набор прадметаў з фондаў, якія яны змогуць памацаць. Мяркуецца, што гэта дазволіць ім пашырыць кругагляд і лепш зразумець тэму і змест экспазіцыі.
У экспазіцыі "Музей вайны - тэрыторыя міру" знаходзіцца каля 2 тыс. музейных прадметаў. За мінулы год тут пабывалі 87 159 наведвальнікаў (у 2021-м - 38 919 чалавек).-0-